Адчай
Написал Admin в 09.09.2011 9:43:50 ( 2037 прочтений ) Другие новости этого автора
Общество

Лета паварочвала на восень. У канцы жніўня часта ішлі дажджы, і старая Вера Пякарнік усякі раз расстаўляла па хаце і сенях вёдры і тазікі, бо шыфер на страсе быў дзіравы, як рэшата. Аднойчы яна пайшла да суседкі Вікці Куніцкай, у якой быў тэлефон, і пазваніла ў Мінск дачцэ.

—Ніна, няхай твой Толік прыедзе і заменіць мне некалькі лістоў шыферу на страсе, то ўжо ніякіх сіл няма, гэтак цячэ…
—Слухай, маці, — абарвала яе скаргу дачка. — Па-першае, у Толіка работы па самае годзе, няма калі да цябе ездзіць, а па-другое, пераязджай ты да нас. У трохпакаёвай кватэры месца хопіць усім. Ды і пенсія твая для нас лішняй не будзе: Аксана ва ўніверсітэце сёлета паступіла на платнае. Ігарок у сёмы клас пойдзе, расце не па днях, а па гадзінах, вопраткі не напасешся.

Акурат першага верасня па Веру прыехаў на легкавіку зяць і забраў яе ў горад разам з небагатымі пажыткамі. Хацелася ўзяць усё, што сэрцу дарагое: і рамкі з фотакарткамі, і вышываныя ручнікі, посцілкі-перабіранкі. Яна ўсё звязала ў вузялок, прыгатавала ў дарогу. Але Толік быў супроць такога багажу:
—Ты што, старая, з глузду з’ехала?! У нас сучасная кватэра, няма там месца тваім вышыванкам ды перабіранкам. Ды яшчэ рамкі з фотакарткамі наважылася валачы. Няхай ўсё застаецца тут. Бяры якую вопратку, грошы ды паехалі.
Як толькі пераступіла парог, грошам адразу знайшлося месца ў Нініным кашальку, а Верыны бялізна і адзенне так і засталіся ў нераспакаванай сумцы, якую ўвапхнулі ў шафу ў прыхожай.
—Пакамечыцца, — спрабавала пярэчыць старэнькая маці, але Ніна лічыла інакш:
—Ну дык і што? Табе на танцы хадзіць у тым убранні? Трэба будзе пераапрануцца, то папрасуеш.
Ніна наморшчыла лоб, нібы глыбока задумалася, а потым выказала сваё рашэнне:
—Спаць будзеш на кухні, я табе раскладушку з антрэсоляў дастану. А як толькі раніцай зазвоніць будзільнік, каб хуценька ўсё прыбрала і схавала ў тую ж шафу, дзе і адзенне тваё памясцілі. Толькі не марудзь, бо нам трэба паснедаць і бегчы па справах.

Гэта было сказана такім тонам, што бабулю Веру і сон не браў. Яна з вечара, бывала, задрэмле, а з паўночы ўжо не спіць, чакае раніцы ў неспакоі і трывозе, бо раптам не пачуе таго будзільніка і потым будзе замінаць радні, прыбіраючы пасцель пры іх. Ды і дзе тут заснеш, калі на вуліцы бясконца гудзяць машыны, у кватэры ад вулічнага ліхтара светла, як удзень. І мулка на раскладушцы, усе косці баляць. Але каму пажалішся?

І работу хатнюю ёй рабіць не дазвалялі, і сноўдацца па вялікай трохпакаёвай даччынай кватэры баялася.
—У залу не хадзі, бо ад цябе старасцю смярдзіць, — загадала ёй Ніна. — У нас госці бываюць, людзі шаноўныя, не тое што ў тваёй занюханай вёсцы Капачы. У нашай з Толікам спальні табе таксама сядзець няма чаго па той жа прычыне. Можаш да Ігарка ў пакой калі-нікалі заглянуць, як дазволіць.
Але Ігарок не дазволіў. Калі бабуля аднойчы хацела разгледзець карцінкі на сценах у ягоным пакоі, малы накінуўся каршуном:
—Каціся адсюль! Я музон урублю, а ты мне бу-дзеш перашкаджаць!
—Унучак, чаго ты крычыш? Я ж цябе маленькага гадавала і Аксанку… — са старэчых вачэй бобам пакаціліся слёзы крыўды і адзіноты.
—А я цябе прасіў? Гадавала… Маленькага… — перадражніў унук.
Ёй можна было знаходзіцца толькі на кухні. І старэнькая цэлымі днямі глядзела ў акно, баялася, каб не звар’яцець без занятку і ад непрыязнасці, якой акружылі яе ў даччынай сям’і, нібы аплялі ліпучым агідным павуціннем.

Дачка паклапацілася перавесці мацерыну пенсію па новым месцы, і цяпер усякі раз, як толькі паштальёнка, прынёсшы грошы, зачыняла дзверы, выграбала ўсё да рубельчыка.
—Пакінула б хоць мне крыху, — аднойчы нясмела папрасіла маці.
—А навошта? Ты ж з дому не выходзіш, на ўсім гатовым сядзіш. Навошта табе грошы?
Так бабуля Вера адпакутавала ўсю восень і зіму, а ў канцы лютага вырашыла, нікому нічога не кажучы, уцячы ў сваю вёску. Там у яе жыла сястра Рэня:
—Не прагоніць жа яна мяне, — разважала сама сабе няшчасная бабулька. — Родная сястра ўсё ж. Я ёй столькі ў жыцці памагала, і мой Сымон, як жывы быў, таксама.
Рэня была старой дзеўкай і жыла адна. На яе ў няшчаснай была ўся надзея.

У той дзень, калі паштальёнка прынесла пенсію, дома нікога не было. Паклаўшы грошы ў паношаны кашалёк, Вера ўзяла ў шафе сваю сумку і накіравалася на аўтавакзал. Вольная, шчаслівая, як птушка, што вырвалася з клеткі, праз тры гадзіны яна была ў сваіх дарагіх Капачах. З болем заўважыла, што страха роднай хаты ўвагнулася, нібыта ад вялізнага цяжару.

—За восень і зіму кроквы прагнілі ад сырасці, вядома ж, даўно няма гаспадара, — шаптала засмяглымі вуснамі.
Рэніна хата была якраз насупроць. Ззяла чыстымі вокнамі, бялюткімі фіранкамі. Калі забрахаў сабака, гаспадыня выйшла на ганак.
—Вось і госця няпрошаная з’явілася, — прамовіла няласкава. — І чаго ж табе ў горадзе не жылося, у цяпле седзячы ды булкі свежыя ядучы?
—Не ў госці я, Рэнечка, — заплакала Вера. — Каб табе тых булак, якія я ела, век не каштаваць… Пусці дажыць, дасць бог, нядоўга ўжо засталося.
—А ты ж усё казала, што, маўляў, раз у мяне дзяцей няма, то мне ў старасці будзе дрэнна. Аказваецца, табе з дачкой яшчэ горш, чым мне адзінокай? — Яна шырэй адчыніла дзверы, прапускаючы на веранду сястру, але загадала: — Разувайся, бо ў мяне чыста.

“І тут камандуюць”, — міжволі падумала Вера, але прамаўчала: добра, што сястрыца не прагнала зусім.
Ужо познім вечарам, калі яны збіраліся класціся спаць, ля Рэніных варот спынілася машына. Праз нейкае імгненне ў дзверы пастукалі.
—Адчыні, цётка Рэня, — пачуўся з ганку голас Ніны. — Маці сюды прыблукала ці дзе яе халера дзела?
Увайшоўшы ў хату, убачыла на ложку Веру, якая сядзела ў начной сарочцы і поўнымі страху вачыма глядзела на дачку: зноў у горад павалачэ… на пакуты…
—Паехаць-то ты паехала, чорт з табой. А чаму пенсію за люты з сабой паперла? Ты ж цэлы месяц у мяне жыла, піла-ела, а грошы хто плаціць будзе?
—Дык а ў мяне тут што, багадзельня?! — уз’юшылася і Рэня. — Я таксама без пенсіі не прыму. За душой ні капейкі, а яна прыперлася і села на маю шыю? Так? На сацыяльны ложак здам, няхай там даглядаюць.
—Добра, Рэнечка, на сацыяльны ложак. Толькі не крычы. А пенсію маю за люты бярыце. — Старэнь-кая патупала босымі нагамі да парога, дзе на цвічку вісела яе паліто, і дастала кашалёк, паклала грошы на стол: — Дзяліце.

І дачка, і сястра, нібы клешч у скуру, упіліся позіркамі ў пачку купюр, потым Рэня пералічыла грошы.
—Пяцьсот тысяч рублёў роўна, — аб’явіла пляменніцы. — Як думаеш, не ўтаіла?
—Не ўтаіла, — пацвер-дзіла тая. — Яна крыху больш атрымлівае, на дарогу патрацілася.
—Табе дзвесце тысяч, а мне трыста, бо яшчэ невядома, калі аформлю яе на сацыяльны ложак, — вырашыла Рэня і аддала пляменніцы дзве соценныя купюры. Тая, згробшы грошы ў кішэню, бразнула дзвярыма, нават не глянуўшы на старэнькую маму і не развітаўшыся.
Бабульку Веру апанаваў адчай. Яна, накрыўшыся коўдрай з галавой, горка плакала. За ноч, што называецца, і вокам не звяла. Калі за вокнамі пачало днець, паціху апранулася і пабрыла на свой надворак. Адчыніла дзверы ў адрыну і намацала там на кручку вяроўку.

—Канец маім пакутам, — шаптала сама сабе. — Але тут не буду, бо ніхто не знойдзе.
Яна падышла да плоту ў агародчык, які быў яшчэ моцны і мог вытрымаць вагу яе худзенькага цела. Адзін канец завязала за прасла, другі, зрабіўшы пятлю, накінула сабе на шыю. Стала на калені і, акінуўшы поглядам вокны сваёй старэнькай хаты, нібы зазірнула ў вочы дарагому чалавеку, рэзка апусцілася ўніз…

Для вяскоўцаў у выміраючых Капачах, а іх тут толькі сем, доўга заставалася таямніцай яе жудасная смерць. А потым Рэня пра ўсё расказала суседцы, бо яе надта мучыў грэх…

Автор: Леанарда ЮРГІЛЕВІЧ, газета "Газета Слонимская"



Другие новости
24.11.2023 15:25:04 - Эффективные соединения: все о соединительных клеммах
22.11.2023 23:39:39 - Какое оборудование должно быть в супермаркете
26.09.2023 12:11:58 - Код 95 для дальнобойщиков: зачем и кому нужен, варианты обучения и цена курсов
20.09.2023 22:19:05 - Мобильные складные верстаки для столярных работ
20.09.2023 22:14:51 - Мобильные складные верстаки для столярных работ
24.05.2023 17:50:00 - Как хочется оставаться любимой…
20.02.2023 13:41:12 - Стеллажи металлические от компании ЭКОМ
09.01.2023 15:25:15 - Профессиональный ремонт гаджетов и другой техники
03.08.2022 13:58:00 - Правила разработки дизайна помещений
29.06.2022 12:10:00 - Рейтинг лучших курсов по подготовке к ЦТ по русскому языку в Минске


Афиша

        Человек, который занимается столярными работами, нужда ...

Автор Errora в 20.09.2023  |   |  Комментариев: 0 

Афиша

Лекарственные средства Бионорика пользуются большой популярностью в аптеках Дятлово. Э ...

Автор Errora в 02.06.2021  |   |  Комментариев: 0 

Афиша

       Жизнь человека в каждой стране, имеет определе ...

Автор Errora в 02.06.2021  |   |  Комментариев: 0 

    

Вход пользователей

Пользователь:

Пароль:

Запомнить меня



Востановить пароль

Зарегистрироваться

Супермаркеты являются неотъемлемой частью повседневной жизни, предоставляя потреби ...

  |   |

На территории Евросоюза действуют особые правила относительно грузоперевозок.&n ...

  |   |

    

Кто online

19 пользователь(ей) активно (5 пользователь(ей) просматривают Новости)

Участников: 0
Гостей: 19

далее...