Снег
Написал Admin в 13.11.2011 15:12:38 ( 1183 прочтений ) Другие новости этого автора
Калейдоскоп

Снег ішоў і ішоў. Над зямлёю, якая захінулася ў мяккую белую коўдру, кружыліся мільярды сняжынак. Яны набіваліся ў нос, ліплі на вейкі, раставалі ад гарачага дыхання і струменьчыкамі вады збягалі па твары. З-за моцнага снегу было не разгледзець дарогі, ды і як яе ўбачыш у непрагляднай цемры, якая, здавалася, абляпіла Пятра з ног да галавы.

Рухацца было цяжка: боты гразлі ў мокрым снезе, які станавіўся ўсё глыбейшым і глыбейшым. Давала аб сабе ведаць шклянка выпітага з кумам самагону. У галаве стаяў звон, думкі блыталіся, але, галоўнае, Пётр ніяк не мог успомніць, у які момант ён перастаў адчуваць пад нагамі дарогу, збочыў і пайшоў па цаліку. Гэтую дарогу ён ведаў з дзяцінства. Ужо і не злічыць, колькі разоў мералі яе з вясны і да восені босыя ногі тады яшчэ хлапчука Петрыка, а ўзімку бегаў ён па ёй абуты ў валёнкі.

Холад пачаў прабіраць да касцей. Захацелася хутчэй трапіць дахаты, запаліць печ, легчы і з галавой захінуцца ў цёплую коўдру. Яшчэ не мяшала б пасёрбаць гарачага супу, але гатаваць яго так не хочацца, калі рукі скруціліся ад марозу, як карані старога дрэва. Эх, жыццё! Ужо больш за дзесяць гадоў Пётр крочыць па ім адзін, з той самай пары, як пахаваў сваю Зінаіду. Што за жонка была — клад. Ціхая, спакойная, ніколі не сварылася, не лаялася, па гаспадарцы паспявала і гатавала знатна. Пра яе пірагі з рыбай і з капустай слава ішла па ўсёй вёсцы. Толькі вось дзетак Бог ім не даў. Ды і з гэтай бядой можна б было справіцца: узяць на выхаванне малое з раённага інтэрната. Але Пётр зрабіў па-свойму, аб чым каецца і сёння. Ох, і пакрыўдзіў ён сваю Зіну. Колькі яна тады слёз выплакала.

Загуляў ён па маладосьці з Вольгай, жанчынай немясцовай, прыезджай, якая пасля разводу з мужам падалася, куды вочы глядзелі, і трапіла да іх у вёску прадаўцом. Глядзела яна на Пятра прама, не саромеючыся, калі ён заходзіў па пакупкі. Гарадская першая прапанавала прыйсці ў госці, дапамагчы нейкую палічку павесіць, маўляў, кепска без мужчынскіх рук у гаспадарцы. Пайшоў, дурань, дапамог, застаўся на кубачак кавы і пайшло-паехала. Пасля, калі было ўжо позна, здагадаўся, чаму Вольга такая ласкавая да яго была. Мужык ён відны, спецыяліст харошы, перспектыўны быў. Яго ад калгаса ў вобласць на вучобу накіроўвалі, спадзяваліся, што прыйдзе Пётр на змену старшыні, які праз некалькі гадоў збіраўся на пенсію. Вольга пра гэта даўно празнала, нават вырашыла для сябе, што прымусіць Пятра аформіць з ёю адносіны. Але лёс дае людзям ўрокі. Атрымаў урок і Пётр за падман жонкі, якая нават не здагадвалася пра здраду мужа — вясковыя бабы не падказалі, пашкадавалі яе.

Зацяжарыла Вольга. Спачатку хацела пазбавіцца ад дзіцяці, але падумала, што яно стане тым козырам, які дапаможа назаўжды прывязаць Пятра да сябе. Яна маўчала пра цяжарнасць да апошняга, пакуль вяскоўцы самі не заўважылі, што ў прадаўшчыцы жывот ужо за прылавак чапляецца. Пётр не ведаў, што рабіць, куды падзець вочы. Ён не кахаў Вольгу, проста, як цяля на вяровачцы, падпарадкоўваўся яе націску, пра будучыню не думаў. У яго жыцці было ўсё: клапатлівая жонка, якую ў вёсцы паважалі, добрая работа, прыгожая каханка. Вясковыя мужыкі яму зайздросцілі: “Як сыр у масле катаешся — з дзвюма прыгажунямі жывеш,” — казалі яны. Вось так Пётр і дакаціўся да свайго зняслаўлення. Даведаўшыся пра цяжарнасць Вольгі, напалохаўся, як быць з Зінай, што ёй сказаць, каб захаваць сям’ю. Пра дзіця, якое павінна нарадзіцца, тады ўвогуле нават не ўспамінаў — не да яго было. А вырашылася ўсё вельмі проста: вучобу адмянілі, бо пачалася перабудова, а дакладней — развал старога свету з яго правіламі і звычкамі, нормамі маралі. У калгасе сталі затрымліваць зарплаты. Вольга, якая ўжо выйшла ў дэкрэт, але пакуль афіцыйна не аб’яўляла, ад каго праз лічаныя тыдні народзіць малое, падалася да бацькоў у горад. Пётр нават не мог дапамагчы ёй матэрыяльна, хоць усё яшчэ лічыўся “перадавіком”, але грошай не выдавалі нікому.

Аднойчы ён вярнуўся з працы дамоў і ўбачыў заплаканую жонку, якая камячыла ў руках нейкую паперу. Сэрца ёкнула. Гэта было пісьмо ад Вольгі. Жанчына, якая спадзявалася на бязбеднае жыццё з Пятром, а засталася з дзіцём на руках, жорстка адпомсціла. Напісала пра іх сувязь, ды яшчэ і перабольшыла, каб разбіць сям’ю. Як ён тады прасіўся-маліўся, каб жонка даравала, а яна стаяла на сваім: паедзем у горад, застанешся з ёю і дзіцём.

Паехалі. Але на парозе іх сустрэў чарговы мужчына Вольгі, старэйшы за яе на гадоў дваццаць, пузаты і ў акулярах — тыповы начальнік. Вольга выйшла да іх на некалькі хвілін, адправіўшы “пузаценькага” супакоіць дзіця. Злосна зашаптала: “Каціцеся туды, адкуль з’явіліся. Вы і так мне ўсё жыццё зламалі. Толькі-толькі яно на лад пайшло, дык вы зноў тут. Прэч, каб я вас больш не бачыла! Нічога мне ад вас не трэба, дайце спакойна пажыць.”

Гэтае “каціцеся” стала тады для Пятра выратавальным. Зіна засталася з ім жыць. Але вельмі часта яе вочы былі прыпухлымі ад слёз. Пётр бачыў, як яна мучыцца, але нічога не мог зрабіць, толькі папракаў сябе за здраду. Жонка ні словам не нагадвала мужу пра яго віну, плакала, калі яго не было дома. Так і сэрца сваё “пасадзіла” і памерла не ў час, яшчэ маладой.

Шмат гадоў прайшло, але і цяпер успаміны пра жонку, пра сына, з якім так і не сустрэўся, выклікалі моцны душэўны боль, які каменем ляжаў у грудзях.

Ісці станавілася невыносна цяжка. Ногі правальваліся ў снег ужо амаль па калена. У Пятра ўнутры ўсё халадзела ад думкі, што калі ён выбраў не той накірунак, то можа назаўжды застацца ў гэтай сцюдзёнай снежнай пустыні. Каб адагнаць страх, ён крыкнуў: “Людзі, дапамажыце!” — але з замерзлых вуснаў сарваўся толькі ціхі шэпат.

Раптам Пётр заўважыў нейкае слабое мільгаценне недалёка наперадзе. За сцяною снегу амаль немагчыма было разабраць, што гэта. Проста на фоне цемры з’явілася невыразная жаўтаватая пляма. Пётр рушыў туды, ледзьве цягнучы ватныя ногі. Праз лічаныя хвіліны адчуў, што пад снегам намацалася больш цвердая паверхня, відаць, знайшлася дарога. Яшчэ праз хвіліну ўбачыў, што жоўтая пляма — гэта акно. Падышоў, закалаціў у шыбу, наколькі хапала сіл у замерзлых руках. З таго боку дзвярэй забрахаў сабака, але гаспадары адчынілі не адразу. Нарэшце на парозе з’явілася захутаная жаночая фігура.

– Хто тут? Што здарылася? — запыталася незнаёмка.
– Калі ласка, пусціце, бо я тут замерзну, — ледзь чутна адазваўся Пётр.

Перад ім мільгануў спалоханы твар ужо немаладой жанчыны, які немагчыма было добра разгледзець у цемры, па-за нагах прабегла вялікая аўчарка і шмыгнула назад у хату. Жанчына падхапіла небараку пад локаць і павяла ў пакой. Распранаць не стала, пасадзіла на лаву каля печы.

– Пасядзіце, я зараз зраблю чай з мёдам — вам трэба сагрэцца, бо гэтак і злегчы нядоўга, — заспяшалася яна.
Маленькімі глыткамі пацягваў Пётр салодкі гарачы чай, адчуваў, як прыемнае цяпло паволі разыходзіцца па ўсім целе, глядзеў то на адзінокую свечку на стале, то на сабаку, які расцягнуўся паблізу на падлозе.

– Дзівіцеся, што са свечкай сяджу? Дык у вёсцы электрычнасці няма яшчэ з вечара, відаць, бура абарвала правады. Я вось і Жука ў хату забрала, пашкадавала, што замерзне, — патлумачыла жанчына, рассцілаючы ложак, надзяваючы чыстую бялізну. — Пераначуйце ў мяне, бо зноў заблукаеце. Я вам свечку на ўсялякі выпадак пакіну. Калі вы не супраць, то і Жук застанецца ў гэтым пакоі, ён вам не будзе перашкаджаць. Дарэчы, мяне завуць Ганна. А вас?

– Пётр. І я вам вельмі ўдзячны за дапамогу і прытулак.
– Ну, вось яшчэ! Ці ж я магла пакінуць чалавека на двары ў такое надвор’е? — сказала Ганна, усміхаючыся.

Толькі цяпер Пётр змог добра разглядзець яе твар прыгожы, хоць і не малады, з вялікімі шэрымі вачамі, з якіх, здавалася, струменіцца чароўнае святло, і прыемнай жывой усмешкай.

– Ну, я пайшла. Кладзіцеся, адпачывайце.

Пётр лёг. Агледзеў невялікі, але чысты пакой з абразамі і лампадкай у “чырвоным” куце, з белым вышываным абрусам на стале, з прыгожымі вазонамі на палічках — здаецца, і ў яго Зіны былі такія ж, а называюцца “герань”. Першы раз за апошнія дзесяць гадоў ён адчуў, як яму добра і прыемна ляжаць на свежай адпрасаванай бялізне, удыхаць паветра, якое пахне напаленай печчу, драўлянай хатай, воскам і нечым яшчэ шчымліва родным, для чаго ніяк не мог падабраць словы.

Ужо правальваючыся ў сон, Пётр падумаў:
– Вось бы застацца ў гэтай гасціннай утульнай хаце на ўсё астатняе жыццё, не вяртацца ў свой адзінокі кут, дзе ў такія зімовыя глухія вечары хочацца выць ваўком…

Источник: І. КАЎКЕЛЬ, газета "Перамога"



Другие новости
15.01.2018 19:52:26 - Срочный ремонт холодильников Атлант в Москве
11.01.2018 10:08:38 - Для чего нужна химия для бассейна?
24.11.2017 13:43:03 - Что нужно знать перед покупкой квартиры?
23.11.2017 18:55:40 - Виды и назначение папок-регистраторов для офиса
23.11.2017 16:15:53 - 3D моделирование как подготовка к производству металлических деталей
23.11.2017 16:15:52 - 3D моделирование как подготовка к производству металлических деталей
20.11.2017 18:01:14 - Восстановления данных: основные принципы
20.11.2017 14:23:28 - Как сделать автомобильные перевозки безопасными?
20.11.2017 14:21:43 - Ремень ГРМ: назначение, особенности эксплуатации, лучшие производители
20.11.2017 14:19:44 - Что нужно знать о литых колесных дисках


Афиша

Оборудование заведения общепита – сложное дело, требующее особого планирования и учета многи ...

Автор Errora в 20.03.2017  |   |  Комментариев: 0 

Афиша

Многих мыслителей современности удивляет факт резкого увеличения народонаселения – так на ...

Автор Errora в 14.09.2016  |   |  Комментариев: 0 

Афиша
Ремонт дома, а особенно его строительство, невозможно представить без использова ...
Автор Errora в 30.01.2016  |   |  Комментариев: 0 

    

Вход пользователей

Пользователь:

Пароль:

Запомнить меня



Востановить пароль

Зарегистрироваться

Поломка холодильника – досадная неприятность, избежать которой хотелось бы всем. < ...

  |   |

Для здоровья плаванье очень полезно, однако только в том случае, если вода качестве ...

  |   |

Для всех покупка недвижимого имущества - мероприятие довольно затратное. Вот  ...

  |   |

    

Кто online

9 пользователь(ей) активно (3 пользователь(ей) просматривают Новости)

Участников: 0
Гостей: 9

далее...