З кастрычніка 2007 года ў нашай краіне пачалася зімовая прызыўная кампанія на тэрміновую ваенную службу. Завершана яна будзе 21 студзеня 2008 года. Пра яе асаблівасці карэспандэнтка гутарыць з ваенным камісарам Дзятлаўскага раённага ваеннага камісарыяту В. А. Абухавым.
-- Валянцін Аляксеевіч, колькі юнакоў з нашага раёна былі прызваны, у якіх воінскіх фарміраваннях яны будуць праходзіць службу? -- На тэрміновую ваенную службу былі прызваны 28 юнакоў. Служыць яны будуць у часцях сухапутных войскаў (г.Гродна і г. Слоніма), часцях ВВС і ПВА (г. Гродна,г. Баранавічы), пагранічных войсках (г.Ліда), унутраных войсках МУС (г. Брэст). -- А ў чым адметнасць зімовага прызыву 2008 года? -- Прызыўная кампанія праводзілася адпаведна Закона Рэспублікі Беларусь “Аб воінскіх абавязках і воінскай службе”. 20 ліпеня 2007 года былі ўнесены змены ў названы Закон. Яны закранулі шэраг пытанняў. Адно з іх – пытанне аб адтэрміноўках. Па сямейных абставінах права на адтэрміноўку цяпер ёсць у грамадзян, якія маюць цяжарную жонку ( раней адтэрміноўку па сямейных абставінах мог атрымаць прызыўнік, жонка якога знаходзілася ў водпуску па догляду за дзіцём). Адпаведна новага заканадаўства права на адтэрміноўку для працягу вучобы маюць выпускнікі спецыяльных і сярэдне-спецыяльных навучальных установаў (раней – выпускнікі агульнаадукацыйных навучальных установаў). Змены ў заканадаўстве аб воінскай службе закранулі і пытанне аб вызваленні ад службы ў арміі. Цяпер такім правам могуць скарыстацца прызыўнікі з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў (раней ад службы ў арміі былі вызвалены толькі прызыўнікі з ліку дзяцей-сірот). -- Ёсць меркаванне, што ў хуткім часе тэрмін тэрміновай воінскай службы можа быць скарочаны да аднаго года. Ці не беспадстаўнае яно? -- Такая перспектыва магчыма. І ў першую чаргу гэта звязана з паляпшэннем метадаў падрыхтоўкі ваенных спецыялістаў. У цяперашні час асноўная ўвага надаецца менавіта баявой падрыхтоўцы воінаў. А за год службы якасная баявая падрыхтоўка магчыма. Але пакуль што змены, якія былі ўнесены 20 ліпеня 2007 года у Закон “Аб воінскіх абавязках і воінскай службе”, пытанне аб тэрмінах воінскай службы не закранулі. -- Раскажыце, калі ласка, якім чынам адбываецца адбор юнакоў у розныя воінскія фарміраванні. -- Першапачаткова юнак павінен прайсці медыцынскі агляд, падчас якога вызначаецца стан здароўя і ўзровень фізічнай падрыхтоўкі прызыўніка. Пасля гэтага ваенны камісарыят вызначае, у якія часці прызыўнік можа быць накіраваны. Пасля першапачатковага адбору ў ваенны камісарыят прыязджаюць прадстаўнікі воінскіх часцей. Яны размаўляюць з прызыўнікамі, вызначаюць іх маральна-дзелавыя якасці. Толькі пасля гэтага прымаецца рашэнне, у якой воінскай часці юнак будзе праходзіць службу. -- А што чакае тых, хто ад яе ўхіляецца? -- Прадугледжана адміністрацыйная і крымінальная адказнасць. За непрыбыццё ў ваенны камісарыят падчас прызыўной кампаніі прадугледжана адміністрацыйная адказнасць, якая прадугледжвае штраф да пяці базавых велічыняў. У выпадку, калі тэрмін прызыву сышоў, а юнак так і не з’явіўся ў ваенкамат, прадугледжана крымінальная адказнасць. Яна ўключае штраф або арышт (на тэрмін да шасці месяцаў), або пазбаўленне волі тэрмінам да двух гадоў. -- Валянцін Аляксеевіч, якія гарантыі прадугледжаны заканадаўствам для тых грамадзян, якія прайшлі тэрміновую воінскую службу? -- Заканадаўствам Рэспублікі Беларусь прадугледжаны шэраг гарантый для ваеннаслужачых. Так, адпаведна правілаў прыёму ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, якія зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 7.02.2006 года, ваеннаслужачыя маюць права на льготы пры паступленні ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Па-за конкурсам (акрамя спецыяльнасцяў “міжнародныя адносіны”, “правазнаўства”, “медыка-фармацэўтычны”, а таксама спецыяльнасцяў, на якія конкурс у год, які папярэднічае прыёму, склаў 5 і больш чалавек на месца) пры наяўнасці ў дакуменце аб адукацыі адзнак не ніжэй 6 балаў па прадметах уступных экзаменаў залічваюцца асобы, якія маюць рэкамендацыі воінскіх часцей (прапаршчыкі, салдаты і сяржанты, якія праходзяць службу па кантракту; ваеннаслужачыя тэрміновай воінскай службы, якія праслужылі не менш аднаго года, і былі звольнены ў запас у год прыёму), пры залічэнні ў ВНУ Міністэрства абароны, Міністэрства ўнутраных справаў, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, на ваенныя факультэты ВНУ у межах 10 працэнтаў ад кантрольных лічбаў прыёму. Гарантыі для ваеннаслужачых прадугледжаны і Працоўным кодэксам Рэспублікі Беларусь. Так, ваеннаслужачым тэрміновай воінскай службы, звольненным у запас, гарантуецца прадастаўленне першага працоўнага месца. Грамадзянам, якія працавалі да прызыву на воінскую службу ў дзяржаўных арганізацыях, гарантуецца захаванне на працягу трох месяцаў з дня заканчэння воінскай службы права паступлення на работу да таго ж наймальніка на пасаду раўнацэнную займаемай да прызыву на воінскую службу. Заканадаўствам гарантыі прадастаўляюцца і членам сем’яў ваеннасдужачых. Органамі дзяржаўнай службы занятасці ажыццяўлецца працаўладкаванне не пазней, чым у двухмесячны тэрмін з дня звароту жонак, мужы якіх прызваны на тэрміновую ваенную службу. У выпадку немагчымасці працаўладкавання ім павінна выплачвацца дапамога па беспрацоўю ў парадку, устаноўленым заканадаўствам. Варта зазначыць і тое, што час службы ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь, іншых войсках і воінскіх фарміраваннях Рэспублікі Беларусь пасля заканчэння ўстановы адукацыі залічваецца ў тэрмін абавязковай работы маладога спецыяліста. Запісала А. ГОМАН. © По материалам газеты "Перамога"
|