1 мая, у Свята працы, на плошчы 17 Верасня ў Дзятлаве прайшла ўрачыстая цырымонія ўручэння сертыфікатаў аб занясенні на раённую Дошку гонару "Славім чалавека працы". На пачатку ўрачыстасці прысутных павітаў старшыня раённага выканаўчага камітэта В. В. Грытчанка. Ён, у прыватнасці, сказаў: — Першамай заўсёды ўспрымаўся, як свята, якое натхняла людзей на добрыя справы, працоўныя здзяйсненні. Усім нам з дзяцінства асабліва дарагое гэта свята. Мы захоўваем у сэрцах яго яркае, дзівоснае, вясновае святло, квецень садоў, радаснае ажыўленне на тварах людзей. У гэты дзень мы ўшаноўваем тых, хто працуе на прадпрыемствах, вырошчвае хлеб, будуе дамы, вучыць дзяцей, лечыць хворых, стварае мастацкія і духоўныя каштоўнасці, дасягае высокага прафесійнага ўзроўню, карыстаецца павагай у людзей, заслугоўвае падзякі за сваю працу. Мы славім у гэты дзень мірную, стваральную працу, сумленнасць і прафесіяналізм, без якіх немагчыма нармальнае развіццё грамадства. I сёння, гаворачы пра нашы дасягненні, мы ўшаноўваем перадавікоў, пераможцаў спаборніцтва, фотапартрэты якіх занесены на раённую Дошку гонару. Дзякуючы добрасумленнай рабоце працаўнікоў раёна, у тым ліку і сёння ўшаноўваемых, дасягнуты важкія вынікі і поспехі ў сельскагаспадарчай вытворчасці, будаўніцтве, на транспарце, у сувязі, іншых галінах народнай гаспадаркі. Надалей кіраўнік справаў райвыканкама Т. М. Шавель зачытала рашэнне раённага выканаўчага камітэта аб занясенні на раённую Дошку гонару перадавікоў народнай гаспадаркі па выніках работы за 2008 год, назвала прозвішчы лепшых працаўнікоў Дзятлаўшчыны, чые фотаздымкі змешчаны на Дошку гонару. Першай сертыфікат аб занясенні на раённую Дошку гонару, грашовую прэмію і віншаванні ад старшыні райвыканкама В. В. Грытчанкі прымала Ганна Рамуальдаўна Аляксейчык. Яна працуе галоўным спецыялістам па збыту і забеспячэнню ў Дзятлаўскім камбінаце бытавога абслугоўвання насельніцтва. Ганну Рамуальдаўну цёпла віталі і калегі па працы, уручылі ёй кветкі, падарунак. Сярод адзначаных за старанную працу — шмат прадстаўнікоў аграпрамысловага комплексу раёна. Гэта — трактарыст-машыніст СВК "Белагурна" Мікалай Аляксандравіч Багданчук, загадчыца фермы "Круцілавічы" СВК "Граніт-Агра" Галіна Паўлаўна Вайціховіч, тэхнік-асемянатар СВК "Русь-Агра" Алена Генадзьеўна Кароль, механізатар СВК "Хвінявічы" Анатоль Браніслававіч Лаўнік, старшыня СВК "Жукоўшчына" Іван Аляксанд-равіч Свіб, вадзіцель СВК "Слава працы" Віктар Мікалаевіч Яраш, токар ДП "Дзятлаўская сельгастэхніка" Васіль Мікалаевіч Мацюк.
Мантажніка сувязі Дзятлаўскага раённага вузла электрычнай сувязі Аляксандра Аляксандравіча Капыцкага павіншаваў начальнік прадпрыемства сувязі Пётр Палікарпавіч Сокал, ад прафкама і адміністрацыі ўручыў яму падарунак. На ўрачыстасць разам з Аляксандрам прыйшлі яго жонка і сын, якія таксама парадаваліся ўзнагародам. Сертыфікат, які бацька атрымаў за старанную працу, сын прачытаў і трымаў з гонарам. Шмат вясновых кветак і віншаванняў атрымала Таццяна Аляксандраўна Шафарэвіч. Гэтую вабную жанчыну, вопытнага доктара-педыятра ведае, бадай, кожны. Не адно пакаленне дзяцей апекавала Таццяна Аляксандраўна. Сёння да яе на прыём пры-водзяць сваіх дзяцей тыя, каго яна ведала, лячыла ў дзіцячым узросце. Людзі цэняць яе за прафесіяналізм, дапамогу і спагаду, кіраўніцтва бальніцы — за стараннасць, надзейнасць, выніковасць клопатаў пра дзіцячае здароўе. А вось клопатамі пра тое, каб дзеці раслі разумнымі, адукаванымі, занята настаўніцахіміі Казлоўшчынскай сярэдняй школы Таццяна Аляксандраўна Рак. Яе вучні былі сярод пераможцаў раённых алімпіядаў па хіміі, прызёрамі — на абласных. Таццяна Аляксандраўна літаральна кожны год адкрывае і ўзгадоўвае новыя таленты, яе дзеці паспяхова вытрымліваюць іспыты, папаўняюць шэрагі студэнтаў. Гэтак жа паспяхова працуюць на ніве адукацыі, культуры, выхавання Алена Пятроўна Калюцік, выхавальніца яслі-сада №2 г. Дзятлава; Таццяна Віктараўна Шостка — выкладчыца Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў. Ганарацца на Наваельнянскім камбінаце хлебапрадуктаў Наталляй Канстанцінаўнай Гранкоўскай, якая працуе тут майстрам элеватара; на Парэцкім спіртавым заводзе — і слесарам кантрольна-вымяральных прыбораў і аўтаматыкі Валерыем Міхайлавічам Волкавым; у Дзятлаўскім упраўленні меліярацыйных сістэмаў — машыністам экскаватара Аляксандрам Віктаравічам Панасенкавым; у Дзятлаўскім раёне электрычных сетак — электраманцёрам Аляксеем і Віктаравічам Гульнікам. А сярод лепшых работнікаў раённага аддзела ўнутраных справаў — старшы інспектар па ўлікова-рэгістрацыйнай рабоце Аляксей Вячаслававіч Цітоў. Усяго на раённую Дошку гонару змешчаны 18 фотаздымкаў лепшых працаўнікоў раёна. Таксама за дасягненні высокіх паказчыкаў у эканамічным і сацыяльна-культурным развіцці на раённую Дошку гонару занесены Дзятлаўскі сельскі выканаўчы камітэт, СВК "Жукоўшчына", Парэцкі спіртавы завод, Наваельнянская сярэдняя школа. Кіраўнікі гэтых прадпрыемстваў, установаў ва ўрачыстай абстаноўцы атрымалі сертыфікаты. Музычныя падарункі прысутным уручылі работнікі раён- нага Дома культуры.
І.МІХАЙЛОЎСКАЯ., газета "Перамога"
|