Паспяхова пачала чэмпіянат вобласці ў першай лізе жаночая валейбольная каманда Дзятлаўскага раёна. Згуляны два туры. У першым матчы дзятлаўчанкі не пакінулі ніякіх шанцаў саперніцам са Шчучынскага раёна — абыгралі іх у гасцях з сухім лікам 3:0. Капітан нашай каманды Алена Карбоўская адзначыла найбольш ласпяховую гульню ў стартавым матчы Марыі Грынцэвіч і Наталлі Абрамчык. У наступным туры, 10-га студзеня, дзятлаўчанкі чакалі гасцей, з Ашмянскага раёна, але саперніцы на матч не з'явіліся. Дзятлаўчанкам залічана тэхнічная перамога 3:0 з наданнем трох ачкоў. У выніку пасля двух тураў чэмпіянату-2010 у першай лізе жаночая каманда Дзятлаўскага раёна ўзначаліла чэмпіёнскую гонку.
Дзве перамогі ў двух матчах здабыла і каманда Мастоўскага раёна. У суботу, 16-га студзеня, лідары чэмпіянату — Масты і Дзятлава — сустрэнуцца ў Дзятлаве (матч адбудзецца ў спартзале гімназіі). Менш паспяхова, чым жаночая, стартавала ў чэмпіянаце вобласці ў той жа першай лізе (група "Б") мужчынская каманда нашага раёна. У гасцявым матчы дзятлаўчане прайгралі шчучынскаму "Аўтапроваду" з лікам 0:3. На думку трэнера каманды Васіля Русіна, у стартавым матчы чэмпіянату каманда не змагла належным чынам увайсці ў гульню і таму саступіла ў трох сэтах. Рэабілітаваліся за паражэнне дзятлаўчане ўжо праз дзень, 10-га студзеня. На сваёй пляцоўцы яны прымалі слонімскі "Амадэй-Фенікс" і абыгралі — 3:0. Пасля двух тураў чэмпіянату ў групе "Б" з дзвюма перамогамі лідыруе каманда Мастоўскага раёна (у яе 4 ачкі), па тры ачкі набралі Шчучын і Дзятлава. Замыкае групу слонімская каманда. Трэці тур першынства мае адбыцца ў суботу, 16-га студзеня. Дзятлаўчане прымаюць лідара групы — мастоўскую каманду.
Б. ВАРНА, газета "Перамога"
|