Графіня

Дата 27.06.2014 21:01:59 | Раздел: Мнение

Ясным ліпеньскім ранкам у кантору калгаса “Канашоўцы” зайшла сціпла апранутая жанчына няпэўнага ўзросту. У руках замест сумкі быў стары аблезлы рукзак. Адпіхнуўшы плячом галоўнага інжынера Мікалая Чубрыка, яна шырока адчыніла дзверы.
—Я заняты! — злосна крыкнуў старшыня і адарваў ад вуха трубку тэлефона, закрыў яе далонню, а потым паклаў на месца.

—Я таксама! — кабета прайшла да крэслаў ля сцяны і села на тое, што было бліжэй да старшынёўскага стала. — Прачытала ў раённай газеце, што вам даяркі патрэбны. Так бы мовіць, прапаную свае паслугі.

—Патрэбны, ды яшчэ як! — прыязна гукнуў старшыня. — Вы адна ці з сям’ёй, бо па ўзросце, прабачце, не дзяўчына.

—Адна.

—Давайце дакументы.

Кабета пакапалася ў рукзаку і дастала нейкую паперу, спыніла позірк на роўных радах літар, потым працягнула старшыні.

—А пашпарт? — яшчэ не ўнікаючы ў сутнасць напісанага, спытаў ён.

—Укралі, — коратка паведаміла жанчына.

—Зінаіда Віктараўна Графоўская, — расцягваючы словы, чытаў старшыня. — Дык вы сядзелі?! — адарваўшы позірк ад паперы, спытаў са здзіўленнем.

—А вы думалі, да вас у даяркі будзе прасіцца зорка балету?

—Ды і артыкул сур’ёзны: злоўжыванне службовым становішчам. І тэрмін салідны: восем гадоў. Ад званка да званка сядзелі?

—А што, чытаеце слаба? — незалюбіла Зіна.

—Возьмем вас даяркай, але на добрае жыллё не разлічвайце. Па-першае, свабодных домікаў няма, яны толькі будуюцца, а па-другое, паглядзім, як вы будзеце працаваць. Дадзім пакуль што пустуючы домік на ўскрайку вёскі. Там трэба печ перакласці і страху перакрыць, бо цячэ. Калгасныя будаўнікі гэта зробяць. А будзеце працаваць як след, то з часам атрымаеце і дабротнае жыллё, бо новых дамоў у нас будзе цэлая вуліца.

—З рамонтам не цягніце, я хачу жыць у нармальным доме, а не ў якой кануры, — папярэдзіла Зіна.

—Яшчэ і ўмовы ставіць, графіня, — прабубніў старшыня. — Падзякуй, што на работу бяру.

Зінаіда Графоўская хутка асвоілася на новай рабоце, хоць па ўсім было відаць, што да жывёлагадоўлі яна мела такія ж адносіны, як і да касмічных палётаў. Была акуратная, дасціпная, чым хутка заваявала сімпатыю вясковых кабет, асабліва даярак.

Калі будаўнікі прывялі да ладу яе незайздроснае жыллё, з першай жа зарплаты купіла занавескі на вокны, за бутэльку таннага віна Віктар Буйніцкі, па-вясковаму Буй, пакасіў на падворку траву, а праз некалькі дзён за дадатковую плату адрамантаваў плот, зрабіў новыя вароты. Сядзіба ажыла.

Аднойчы ў выхадны дзень Зіна паехала ў райцэнтр і купіла прыгожую сукенку, туфлі на высокіх абцасах, зрабіла прычоску. Калі выйшла з аўтобуса на вясковай вуліцы, многія яе не пазналі.

—Ух ты, Графіня! Дык ты ж, аказваецца, прыгожая і яшчэ зусім не старая, — сказаў з захапленнем Віктар Буйніцкі. — Выходзь за мяне замуж!

—Выйду, як рак на гары свісне! — паабяцала Зіна.
Вясковыя кабеты, назіраючы за яе паводзінамі, не маглі зразумець, хто ж яна такая, гэтая Графіня, якім ветрам занесла яе ў небагатую калгасную вёску, прымусіла працаваць на ферме. Не вясковая яна і звычкі мае не вясковыя… Але Зіна ні з кім сяброўства не заво-дзіла, ад размоў на падобныя тэмы ўхілялася.

Напрадвесні старшыня Антон Кавалеўскі сказаў:

—Я табой задаволены, Зіна. Працуеш добра, паводзіш сябе належным чынам. Дык вось, летам будзем засяляць новыя дамы. Адзін з іх выдзелім табе.

—Не трэба, я ў старым прывыкла. Вясной пасаджу грады, бульбу, кветнік. Гэты дом ужо абжыты, а там яшчэ невядома як будзе.

—Ну, воля твая. Як перадумаеш, скажы.

А праз некаторы час пасля гэтай размовы, акурат перад пачаткам дзённай дойкі, калі ўжо ўсе даяркі былі ў зборы, да фермы пад’ехалі два джыпы.

Кабеты захваляваліся: няйнакш нейкая сур’ёзная праверка. З першай машыны ніхто не выйшаў, а з другой выскачыў малады чалавек у светлым модным касцюме і белай кашулі. Ён адчыніў заднія дзверы і дапамог выйсці яшчэ не старому, але вельмі нямогламу чалавеку. Твар у яго быў зямліста-шэры, на ім выпіралі скулы, касцюм вісеў як на вешалцы. Хлопец, відаць ахоўнік, хацеў узяць гэтага чалавека пад руку, але той нешта злосна сказаў, і хлопец палез назад у машыну.

Абапіраючыся на дарагі кіёк, чалавек падышоў да даярак і слабым голасам папрасіў:

—Паклічце, калі ласка, Зіну Графоўскую…

—Чаго ты хочаш? — непрыязна спытала Зіна і выйшла наперад.

—Хачу папрасіць прабачэння… Я паміраю… Хутка мне не трэба будзе нічога. Аддам табе ўсё сваё багацце, толькі даруй. Можа, мне тады будзе лягчэй паміраць…

—Я табе не жадаю смерці, але ўсё-такі ёсць Бог на свеце, — на твары Зіны з’явілася горкая ўсмешка. — Думаў, шчаслівы будзеш? Сам краў, а ў турму запраторыў мяне? Ты — дырэктар,
я — галоўны бухгалтар. Усіх падкупіў, звярнулі віну на мяне. Восем лепшых гадоў адсядзела я ў турме ні за што. Ні сям’і, ні дзяцей… Мама была дырэктарам школы, павесілася ад такой несправядлівасці. У якую суму ацаніў ты ўсё гэта, Варламчык?

Даяркі, што ўсё бачылі і чулі, стаялі нібы загіпнатызаваныя, не здольныя нават паварушыцца.

—Зразумеў цяпер, што шчасця не купіш? І здароўя не купіш. Я табе, Варламчык, смерці і пакут не жадаю. Бачу, што не шмат ужо засталося. Дарую табе, і няхай Бог даруе. А цяпер едзь адсюль!

Машыны развярнуліся і неўзабаве схаваліся ў клубах пылу.

—Усё, кабеты, спектакль закончыўся! — сказала даяркам Зіна, бо ўсе яны яшчэ стаялі ў здранцвенні. — Пайшлі, нас чакаюць вялікія справы! — яна са злосцю адчыніла нагой рыпучыя дзверы старой фермы.

Источник: www.gs.by
Автор: Леанарда ЮРГІЛЕВІЧ




Эта статья взята с сайта Дятлово Online : город Дятлово и Дятловский район
http://dyatlovo.com

Адрес этой статьи:
http://dyatlovo.com/modules/news/article.php?storyid=16306