ПАДАРУНАК ДЛЯ ЖЫХАРОЎ ДВАРЦА

Дата 23.01.2008 10:49:10 | Раздел: Калейдоскоп

17 студзеня ў Дварцы адбылася доўгачаканая падзея - для вяскоўцаў гасцінна расчыніў свае дзверы сучасны магазін харчовых і прамысловых тавараў. У святочнай атмасферы чырвоную стужку перад уваходам у будынак перарэзалі намеснік старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Алена Аляксандраўна Фабішэўская і старшыня райспажыўтаварыства Віктар Сцяпанавіч Новік. На мерапрыемстве таксама прысутнічалі першы намеснік старшыні райспажыўтаварыства па гандлю і грамадскім харчаванні Валянціна Уладзіміраўна Баравік, дырэктар ПУП "Наваельнянская аптовая база" Ганна Уладзіміраўна Рэкець, старшыня Дварэцкага сельсавета Уладзімір Вацлававіч Томчык, мясцовыя жыхары.
У сваім звароце да прысутных А. Фабішэўская зазначыла, што адкрыццё чарговага ў раёне новага магазіна - выдатны вынік сумеснай работы, клопату пра людзей. Яна павіншавала вяскоўцаў з гэтай адметнай падзеяй, пажадала ім важкіх кашалькоў, а прадаўцам - хуткага павелічэння тавараабароту.
...Заходзім у гандлёвыя залы. Яны прыемна радуюць разнастайнасцю тавараў - людзі наўрад ці будуць адчуваць розніцу паміж сваім магазінам і гарадскім. Вяскоўцы, агледзеўшы ўнутранае ўбранства памяшканняў, далі кароткую, але ёмістую ацэнку ўбачанаму: "Добра зрабілі!" Адразу ж знайшоўся і першы пакупнік - пажылая жанчына ўзяла з паліцы металічнае вядро, якое, па яе словах, даўно шукала.
- Уся гэтая прыгажосць - і знешняя, і ўнутраная - з'явілася на месцы неэксплуатуемага будынка, які пуставаў больш 10 гадоў. Работы пачаліся ў жніўні 2007-га і вяліся сваімі сіламі,- гаворыць Ганна Рэкець.- Цяпер тут - абсалютна новае абсталяванне, шклопакеты, ралеты, светлавая рэклама. Поўнасцю вытрыманы асартыментны пералік тавараў: напрыклад, пакупнікам будзе прапанавана каля 2 тысяч найменняў харчовых тавараў. У шырокім асартыменце прадстаўлена прадукцыя Дзятлаўскага грамхарчу.
Як паведаміла Ганна Уладзіміраўна, у бліжэйшай будучыні на магазінным ганку абавязкова з'явяцца парэнчы, добраўпарадкуюць таксама і прылягаючую да гандлёвай кропкі тэрыторыю.
А. НІЧЫПАР.
© По материалам газеты "Перамога"



Эта статья взята с сайта Дятлово Online : город Дятлово и Дятловский район
http://dyatlovo.com

Адрес этой статьи:
http://dyatlovo.com/modules/news/article.php?storyid=173