СІТУАЦЫЯ Ў РАЁНЕ

Дата 23.01.2008 11:00:00 | Раздел: Происшествия

З 7 па 13 студзеня 2008 года на тэрыторыі раёна ўзбуджаны дзве крымінальныя справы па лініі крымінальнага вышуку. У вышук аб’яўлены 2 чалавекі (злачынца і без вестак прапаўшая), якія знойдзены. Таксама знойдзены ў Расійскай Федэрацыі жыхар раёна, якія прапаў без вестак у 2007 годзе.
За названы перыяд уліковых дарожных здарэнняў не ўчынена. Выяўлена 81 парушэнне правілаў дарожнага руху. За рулём у нецвярозым стане затрыманы 4 вадзіцелі. Хуткасны рэжым парушылі 7 вадзіцеляў. За адсутнасць флікераў у цёмны час сутак з праезджай часткі выдалены 28 пешаходаў.
БОЛЬШ СУТАК БЛУКАЛА ПА ЛЕСЕ
8 студзеня з заявай аб тым, што пайшла з дому і не вярнулася дачка-інвалід дзяцінства, у аддзяленне звярнулася жыхарка вёскі Каршакі.
На пошук быў арыентаваны асабовы састаў Дзятлаўскага РАУС, аддзяленне аховы, грамадскасць бліжэйшых населеных пунктаў.
10 студзеня ў лясным масіве паблізу ад вёскі Пескаўцы Лідскага раёна пасля доўгіх блуканняў без вады і ежы па зімоваму лесу жанчына-інвалід была знойдзена супрацоўнікамі дзятлўскай міліцыі. Яны прачэсвалі мясцоваць і, можна сказаць, выратавалі прапаўшай жыццё, бо невядома, колькі б яшчэ пратрымалася галодная жанчына ў халодным лесе.
ВЫКРАЛІ 160 КІЛАГРАМАЎ ФУРАЖНАЙ МУКІ
14 студзеня ўзбуджана крымінальная справа ў адносінах двух жыхароў Чырвонага Бору, якія 7 студзеня каля 21 гадзіны 30 хвілін выкралі са склада фермы СВК “Хвінявічы” ў в. Пушча 160 кілаграмаў фуражнай мукі коштам 41400 рублёў, зламаўшы ўваходныя дзверы склада.
АДСВЯТКАВАЎ ДЫК АДСВЯТКАВАЎ!
Аматар моцных напояў з вёскі Горка напярэдадні навагодніх святаў застаўся дома адзін за гаспадара – яго жонка стамілася цярпець пастаянна п’янага мужа і вырашыла цывілізавана адзначыць Новы год у гасцях. Мужчына не засмуціўся і пачаў святы з размахам. Дайшло да таго, што ён нават не мог успомніць з кім і калі піў. У гэты час хата заставалася адчыненая.
Калі гаспадыня вярнулася дамоў, яна ўбачыла, што сістэмны блок да камп’ютэра адсутнічае.
Аднак новаму ўладальніку крадзенай рэчы доўга радавацца не давялося. Ужо 11 студзеня крадзёж раскрылі. Вінаваты аказаўся жыхар вёскі Горка, вучань Казлоўшчынскага сельскагаспадарчага ліцэя, раней не судзімы.
НЕ ПАКІДАЙЦЕ ВАШЫ СУМАЧКІ
2 студзеня 2008 года з 24 да 3 гадзін з кінутых без нагляду сумачак сямі жыхарак нашага раёна былі выкрадзены два сотавыя тэлефоны, некалькі кашалькоў з грашыма і пластыкавымі карткамі.
10 студзеня па факту здарэння ўзбуджана крымінальная справа. Падчас правядзення пошукавых мерапрыемстваў і прагляду матэрыялаў відэаназірання ў кінатэатры “Спадарожнік” ужо даўно ўстаноўлены асобы, якія могуць мець адносіны да названага злачынства. Следства працягваецца.
Аматарам танцаў варта яшчэ раз напомніць, што нельга пакідаць свае рэчы без нагляду, яны абавязкова прыцянуць увагу злачынцаў.

М. ПАЗНЯК,
начальнік штаба Дзятлаўскага РАУС.
© По материалам газеты "Перамога"



Эта статья взята с сайта Дятлово Online : город Дятлово и Дятловский район
http://dyatlovo.com

Адрес этой статьи:
http://dyatlovo.com/modules/news/article.php?storyid=174