СТВОРАНА ЛАКАЛЬНАЯ КАМП'ЮТЭРНАЯ СЕТКА

Дата 30.01.2008 22:30:00 | Раздел: Калейдоскоп

Напрыканцы мінулага года на сродкі з рэспубліканскага бюджэту была праведзена грунтоўная камп'ютэрызацыя сельскагаспадарчай галіны Дзятлаўшчыны. У раён паступілі 19 сучасных камп'ютэраў з вадкакрышталічнымі маніторамі, з якіх 12 накіравалі ў гаспадаркі, а астатнія 7 атрымала райсельгасупраўленне. Як расказала Ірына Іванаўна Варабей, спецыяліст па аператыўнаму аналізу і ўліку раённага ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, у кожным з 12 сельгаскааператываў камп'ютэры ў камплекце з мадэмам устаноўлены ў дыспетчарскіх і ўжо створаны інфармацыйна-дыспетчарскія пункты. Працоўныя месцы дыспетчараў падключаны да электроннага паштовага сервера райсельгасупраўлення і, такім чынам, наладжана аператыўная сувязь з гаспадаркамі раёна. У камп'ютэрах устаноўлена праграма дыспетчарскай справаздачнасці, якая пэўны час не выкарыстоўвалася ў сельгаскааператывах. Справа ў тым, што кожнаму з дыспетчараў для засваення праграмы неабходна было прайсці навучанне, і такую магчымасць ім далі. Увесь мінулы тыдзень яны знаходзіліся ў Гродне на курсах павышэння кваліфікацыі па тэме "Практычнае выкарыстанне персанальных электонна-вылічальных машын". Пасля гэтага, па словах Ірыны Варабей, дыспетчарская справаздачнасць будзе прымацца па электроннай пошце. Дарэчы, падобная электронная сувязь з абласным камітэтам па сельскай гаспадарцы і харчаванню ў райсельгасупраўлення наладжана яшчэ ў мінулым годзе.
А. НІЧЫПАР.


© По материалам газеты "Перамога"



Эта статья взята с сайта Дятлово Online : город Дятлово и Дятловский район
http://dyatlovo.com

Адрес этой статьи:
http://dyatlovo.com/modules/news/article.php?storyid=183