ДОБРАЯ СПРАВА - АГУЛЬНЫМІ НАМАГАННЯМІ

Дата 30.01.2008 22:40:00 | Раздел: Калейдоскоп

Могілкі ў Малых Шастаках Войневіцкага сельсавета знаходзяцца ў межах вёскі, а, значыць, пастаянна навідавоку ў мясцовых жыхароў. З цягам часу драўляны плот, які іх агароджваў, месцамі прадзіравіўся, месцамі згніў - карацей кажучы, перастаў адпавядаць свайму прызначэнню. З гэтым трэба было нешта рабіць, і яшчэ ў 2006 годзе кіраўніцтва Войневіцкага сельскага выканаўчага камітэта арганізавала сход жыхароў вёскі. Было прынята рашэнне паставіць на могілках больш даўгавечную агароджу, а таксама добраўпарадкаваць іх тэрыторыю. Акрамя гэтага, стварылі і аргкамітэт у складзе старасты Малых Шастакоў Таісы Уладзіміраўны Жук і мясцовых жыхароў - Анатоля Аляксандравіча Бузука і Сяргея Генрыхавіча Яфіміка. І работа закіпела. Пачалі з таго, што наладзілі збор грошай з насельніцтва вёскі, і на атрыманую суму купілі металічную сетку. За кошт свабодных рэшткаў грашовых сродкаў сельсавета былі таксама набыты і металічныя слупкі: як расказаў старшыня Войневіцкага сельсавета Георгій Арсенцьевіч Белуш, адпаведны дазвол даў старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Васіль Васільевіч Грытчанка.
Работы на малашастакоўскіх могілках былі завершаны ў мінулым годзе. Сёння іх не пазнаць. Акрамя новай агароджы, якую ўстанавілі на месцы вечнага супакою, шмат вяскоўцы папрацавалі і на яго тэрыторыі. Могілкі ачысцілі ад кустоўя, былі спілены старыя дрэвы, якія высахлі і ўяўлялі небяспеку для помнікаў. У спілоўванні дрэваў вялікую дапамогу аказаў начальнік раённых электрычных сетак Аляксандр Мікалаевіч Лазука - вяскоўцы вельмі яму ўдзячны. Свой уклад у агульную справу ўнесла і кіраўніцтва СВК "Войневічы" (старшыня гаспадаркі Васіль Валяр'янавіч Маліка), якое накіравала тэхніку для вывазкі смецця з могілак.
Дарэчы будзе таксама ўзгадаць, што вяскоўцы набылі фарбу і паспелі да надыходу халадоў з боку вуліцы пафарбаваць агароджу. Гэтую работу ў Малых Шастаках плануюць закончыць увесну.
А. НІЧЫПАР.
© По материалам газеты "Перамога"



Эта статья взята с сайта Дятлово Online : город Дятлово и Дятловский район
http://dyatlovo.com

Адрес этой статьи:
http://dyatlovo.com/modules/news/article.php?storyid=184