Весткі з Рудаяварскага сельсавета

Дата 29.02.2008 14:37:50 | Раздел: Калейдоскоп

БУДЗЕ ЗМЕНА ЛЕСНІКАМ
На базе ВПК "Рудаяварскі дзіцячы сад-сярэдняя школа" дзейнічае аб'яднанне "Школьнае лясніцтва", якім кіруе дырэктар навучальнай установы Вадзім Аляксандравіч Палуносік. Ён расказаў, што мэтай дзейнасці аб'яднання з'яўляецца выхаванне любові і беражлівых адносін да лесу, да прыроды роднага краю. Акрамя тэарэтычных, на выдзеленай і замацаванай тэрыторыі ляснога фонду праводзяцца практычныя і выяздныя заняткі. Удзельнікі аб'яднання (а гэта 15 вучняў 8-11 класаў) працуюць па заданнях ДЛГУ "Дзятлаўскі лясгас" і, вядома, Рудаяварскага лясніцтва. Яны падтрымліваюць цесную сувязь з ляснічым Алегам Іванавічам Барысюком і памочнікам ляснічага Паўлам Аркадзьевічам Бузуком. Як паведаміў Вадзім Палуносік, у мінулым годзе школьнікі ўдзельнічалі ў пасадцы рэкорднай колькасці лесу -- каля 50 гектараў, збіралі насенне, а ў зімовы час яны традыцыйна займаюцца падкормкай жывёлаў і птушак. У рамках "Школьнага лясніцтва" у гэтым навучальным годзе праводзяцца і навуковыя доследы па тэме "Матэматычная апрацоўка біяметрычных паказчыкаў сеянцаў хвойных парод". Дарэчы, праграма, складзеная для дзейнасці аб'яднання, атрымала высокую ацэнку з боку ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама і была адзначана дыпломам, як пераможца абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу вучэбна-выхаваўчых праграм эколага-біялагічнага профілю. Па словах Вадзіма Аляксандравіча, на заняткі дзеці ходзяць з задавальненнем, і многія мараць звязаць свой лёс менавіта з лясной гаспадаркай.
РАСЦЕ ТРУСІНАЯ СЯМ'Я
У студзені на трусаферме СВК "Рудаяварскі" прыплод склаў 320 галоў. Усяго ж па стану на 1 лютага тут "кватаруюць" 848 пушыстых звяркоў, з іх -- 96 трусаматак. Лічбы гэтыя пастаянна мяняюцца, паколькі трусоў рэалізуюць жывой і забойнай вагой (цана -- адпаведна 15000 і 19800 за кілаграм). Утрымліваюцца яны ў двух памяшканнях (шопах), якія ўжо запоўнены, таму ў бліжэйшых планах гаспадаркі -- будаўніцтва трэцяй шопы.
Неабходна таксама зазначыць, што жывёлу даглядаюць два чалавекі: галоўны ветурач СВК "Рудаяварскі" Яўгенія Мікалаеўна Урбановіч і Алена Іванаўна Сербін.
ЯК ЗІМУЮЦЬ ФЕРМЫ?
Па словах галоўнага эканаміста мясцовага сельгаскааператыву Кацярыны Аляксандраўны Бароўскай, на перыяд зімова-стойлавага ўтрымання жывёлы створаны надзейны запас кармоў на абедзвюх фермах гаспадаркі -- у Рудзе Яварскай і Гуце. На малочнатаварнай ферме "Руда Яварская" за зімова-стойлавы перыяд 2007-2008 гадоў валавы надой малака склаў 113 тон (у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года -- +8 тон), надой на карову -- 549 кілаграмаў (+20 кілаграмаў). Лепшымі аператарамі машыннага даення гэтай фермы з'яўляюцца Леакадзія Іосіфаўна Рэгіневіч, якая з пачатку зімоўкі надаіла 525 кілаграмаў малака (+29 кілаграмаў на фуражную карову ў параўнанні з мінулагоднім перыядам), Валянціна Міхайлаўна Бароўская, якая надаіла 518 кілаграмаў (+23 кілаграмы).
ДЭМАГРАФІЧНЫ "МІНУС"
Як расказала сакратар Рудаяварскага сельсавета Марыя Феліксаўна Белавус, у мінулым годзе памерлі 24 чалавекі, а нарадзіліся толькі 6 -- 2 хлопчыкі і 4 дзяўчынкі. У першым месяцы 2008-га выдадзена адно пасведчанне аб смерці.
СПАГАДЛІВАЯ І ПРАЦАВІТАЯ
Згодна ацэнкі кіраўніцтва сельсавета, лепшым сацыяльным работнікам з'яўляецца Таццяна Міхайлаўна Ступчык. Жанчына даглядае 9 пажылых людзей з Гуты і Капцёў. Яны вельмі ўдзячны Таццяне Міхайлаўне і характарызуюць яе як спагадлівага, добрага чалавека і працавітага, акуратнага работніка. Усяго ў сельсавеце працуюць пяць сацыяльных работнікаў, якія абслугоўваюць 28 чалавек.
А. НІЧЫПАР.

© По материалам газеты "Перамога"



Эта статья взята с сайта Дятлово Online : город Дятлово и Дятловский район
http://dyatlovo.com

Адрес этой статьи:
http://dyatlovo.com/modules/news/article.php?storyid=204