Спаса-Прэабражэнскаму храму горада Дзятлава - 500 гадоў

Дата 28.11.2008 9:00:00 | Раздел: События

Спаса-Прэабражэнскі храм горада Дзятлава з'яўляецца адным са старажытных храмаў нашай епархіі. Сёлета яму спаўняецца 500 гадоў.
Храм быў пабудаваны ў 1508 годзе заснвальнікам нашага горада князем Канстанцінам Іванавічам Астрожскім. Яму "Двор Зецел" у 1498 годзе падораны за баявыя заслугі Вялікім князем літоўскім Аляксандрам. Напачатку храм быў невялікі, і асвечаны ў гонар вялікамучаніка і перамоганосцы Георгія. Затым у 1755 і 1839 гадах храм пераоудоўвалі і асвечаны ён у гонар Прэабражэння Гасподня.
Храм ніколі не зачыняўся, ён дзейнічае і сёння. Напачатку будынак стаяў у цэнтры царкоўнага цвінтара, а затым быў пасунуты да царкоўнай агароджы, паколькі на яго месцы вырашылі пабудаваць новы мураваны храм.
Сцены храма памятаюць малебны, якія славілі рускую зброю. Падчас Паўночнай вайны ў Дзятлаве ў 1708 годзе на зімовых кватэрах стаялі галоўныя сілы рускай арміі на чале з А. Меншыкавым. У 1709 годзе паселішча Дзятлава наведаў рускі імператар Пётр Першы. Ён прабыў тут два тыдні, маліўся ў сценах нашага храма, каб Гасподзь дапамог перамагчы ворага.
У час Вялікай Айчыннай вайны, калі настаяцелем храма з'яўляўся пратаіярэй Іаан Камар, у храме была зроблена аперацыя аднаму з партызанскіх камандзіраў. Гэтым было выратавана яму жыццё. I калі ў Дзятлаве размяшчаўся вайсковы шпіталь, прыхаджане храма прыносілі прадукты і на царкоўным цвінтары варылі абеды, а затым насілі іх параненым байцам і камандзірам Чырвонай Арміі.
У 1998 годзе ў храме прыемна запахла Галгофа напярэдадні свята Свяціцеля і цудатворцы Мікалая. Гэты цуд доўжыўся да Ражства Хрыстова.
У 2006 годзе ў храме з'явілася ікона з частачкай святых мошчаў прападобнага Амвросія, старца Опцінскага, якую ахвяравала храму адна набожная жанчына з Гродна.
Пры храме працуе дзіцячая нядзельная школа. Яна створана ў 1990 годзе. Жадаючыя могуць наведваць школу па панядзелках. Дзеці спазнаюць тут радасць царкоўных святаў, удзельнічаючы ў калядных і велікодных прадстаўленнях. Напрыканцы навучальнага года вучні нядзельнай школы ездзяць на экскурсіі па храмах гарадоў Беларусі, па святых мясцінах. Храм і па сёння з'яўляецца Школай набожнасці, ціхай прыстанню Хрыстовай у бурным жыццёвым моры для ўсіх, хто шукае выратавання.
У сувязі з 500-годдзем храма, у суботу 29 лістапада яго наведае кіруючы архіярэй, архіепіскап Навагрудскі і Лідскі Гурый. У 10 гадзін пачнецца Боская літургія з нагоды юбілею храма. Архіепіскап Гурый правядзе яе ў саслужэнні духавенства Дзятлаўскага благачыння.

Пратэіярэй Мікалай ПІНЧУК, Благачынны цэркваў Дзятлаўскай акругі, настаяцель прыходу храма Прэабражэння Гасподня г. Дзятлава
Газета "Перамога"




Эта статья взята с сайта Дятлово Online : город Дятлово и Дятловский район
http://dyatlovo.com

Адрес этой статьи:
http://dyatlovo.com/modules/news/article.php?storyid=394