Сагрэйце сэрцы дабрынёй

Дата 31.01.2009 22:20:00 | Раздел: Общество

Зіма — асаблівая пара года. Пара цудоўных святаў - Новага года, святак, Ражства.
Кожны чалавек любіць гэты час, па асабліваму да яго адносяцца дзеці.
Яны чакаюць падарункаў, весяляцца. Свет становіцца дабрэйшы
ад мноства дзіцячых усмешак. На жаль, не так часта яны ўзнікаюць
на тварах хлопчыкаў і дзяўчынак, якія знаходзяцца
ў дзіцячым анкагематалагічным цэнтры ў вёсцы Бараўляны.
На сённяшні момант у ім праходзяць лячэнне 180 дзяцей.
Ідэя паехаць у гэты цэнтр з выступленнем узнікла ў мяне пасля прагляду відэафільма пра хлопчыкаў і дзяўчынак, якія маюць страшны дыягназ — анкалогія. Пасля гэтага я спытала ў сябе: "Чым я магу дапамагчы?".
Адным з удзельнікаў ансамбля скрыпачоў "Зорачкі" Гезгалаўскай школы мастацтваў з'яўляецца юнак Віталь, які ў тры гады згубіў зрок і аказаўся пацыентам дзіцячага анкалагічнага цэнтра ў Бараўлянах. Ён і цяпер знаходзіцца там на кантролі, хаця яму ўжо 16 гадоў. Музыкай я займаюся з ім ужо шосты год і зразумела, што гэты від мастацтва для Віталя стаў сэнсам жыцця, дорыць яму надзею і радасць. Гэтыя ж пачуцці я і мае вучні хацелі падарыць дзецям з анкалагічнага цэнтра ў Бараўлянах падчас свайго выступлення.
На пачатку яго было даволі цяжка.. На канцэрт прыйшлі цяжка хворыя дзеці. Тыя, хто адчуваў сябе лепей, паехалі дамоў на Ражство. У хлопчыкаў і дзяўчынак, якія заходзілі ў глядзельную залу, быў патухшы позірк. Бачыць гэта было вельмі балюча. У якісьці момант я зразумела, што не змагу правесці канцэрт. Аднак мама Віталя падтрымала мяне, сказаўшы: "Калі мы ўсе пачнём плакаць, то навошта сюды прыехалі?".
Канцэрт пачаўся. На працягу першых дзесяці хвілінаў зал нібыта адсутнічаў. Мае вучні ігралі, па іх шчоках цяклі слёзы. Адным з нумароў праграмы была песня "У лесе нарадзілася ёлачка". Нам вельмі хацелася, каб дзеці з глядзельнай залы праспявалі яе. Аднак гэтага не атрымалася — яны маўчалі. Ажывіліся, пачалі хлопаць і самае галоўнае — пачалі ўсміхацца яны толькі тады, калі я пачала праводзіць навагоднюю віктарыну.
Для маленькіх пацыентаў анкалагічнага цэнтра сваё сольнае выступленне сыграў Віталь. Ён сказаў дзецям, што ў кожнага з іх павінна быць надзея. Ён хваляваўся, перашкаджалі гаварыць слёзы.
Нягледзячы на ўсё, канцэрт падарыў дзецям хвіліны радасці і дабрыні. Пасля выступлення дзеці нашага ансамбля разнеслі па палатах падарункі.
Ад усёй душы я хачу падзякаваць тых людзей, якія падтрымалі маю ідэю. У першую чаргу — маіх вучняў і іх бацькоў (ведаю, як яны хваляваліся), настаўнікаў Гезгалаўскай дзіцячай школы мастацтваў, вучняў і педагагічны калектыў Гезгалаўскай гімназіі, Казлоўшчынскай сярэдняй школы, усіх прыхаджан царквы горада Дзятлава. Асаблівь; дзякуй я выказваю на адрас дырэктара СП "Клубніка Планс" Тэрэзы Войцехаўны Сямашка, якая дапамагла з транспартам для гэтай паездкі, а таксама вадзіцеля Віктара Матусевіча.
Дабрачынная акцыя "Дзеці — дзецям" адбылася. Я лічу, што яна патрэбна, асабліва цяпер, калі ўсім нам так неабходны Вера, Надзея, Любоў. I няхай у душы кожнага з нас жыве Бог!

В. ГАЎРЫШ,
кіраўнік узорнага ансамбля
скрыпачоў "Зорачкі" Гезгалаўскай
дзіцячай школы мастацтваў
Газета "Перамога" №5(8049)





Эта статья взята с сайта Дятлово Online : город Дятлово и Дятловский район
http://dyatlovo.com

Адрес этой статьи:
http://dyatlovo.com/modules/news/article.php?storyid=410