Летась загінулі 65 чалавек

Дата 06.04.2009 12:30:00 | Раздел: Происшествия

Пракуратурай Дзятлаўскага раёна прааналізаваны прычыны гібелі людзей у 2008 годзе. Даследаваны абставіны, якія садзейнічалі ўчыненню злачынстваў, гібелі грамадзян з-за парушэння правілаў аховы працы, у выніку пажараў,дарожна-транспартных здарэнняў, самагубстваў, няшчасных выпадкаў, звязаныхз атручваннем алкаголем.
Летась на тэрыторыі раёна загінулі 65 чалавек. 3 ліку загінуўшых — 9 жанчын і 56 мужчын.
У выніку наўмысных забойстваў загінулі 4 чалавекі. Так, 1 лютага 2008 года пракуратурай Дзятлаўскага раёна была ўзбуджана крымінальная справа ў адносінах да грамадзяніна Г., 1987 года нараджэння, які ў момант спрэчкі нанёс свайму суседу грамадзяніну С. цялесныя пашкоджанні, ад якіх пацярпелы загінуў на месцы здарэння. А 17 снежня 2008 года ва ўласным доме быў знойдзены труп састарэлай жанчыны, 1932 года нараджэння. Было ўстаноўлена, што жанчына была задушана. Даследванне па справе цяпер праводзіцца пракуратурай вобласці.
Непаўналетнія і малалетнія грамадзяне ў 2008 годзе на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна не гінулі.
Статыстыка дарожна-транспартных здарэнняў мінулага года таксама несуцяшальная. Загінулі 8 чалавек. Так, да прыкладу, 26 верасня грамадзянін В. учыніў наезд на ляжачага на праезнай частцы мужчыну, які ў выніку атрыманых цялесных пашкоджанняў памёр на месцы здарэння. 26 лістапада 2008 года папярэдняе даследванне па дадзенай справе было спынена, таму што вадзіцель не меў тэхнічнай магчымасці прадухіліць дадзенае ДТЗ.
У выніку парушэння нормаў аховы працы і тэхнікі бяспекі за перыяд 2008 года на тэрыторыі Дзятлаўшчыны фактаў гібелі грамадзян не было.
У пажарах загінулі 9 чалавек. Усе загінуўшыя на момант смерці знаходзіліся ў стане алкагольнага ап'янення. Асноўная прычына ўзнікнення пажараў і, як вынік, гібелі людзей — неасцярожнасць пры абыходжанні з агнём, курэнне, алкагольнае ап'яненне грамадзян.
Сацыяльная неўладкаванасць, адсутнасць сваяцкіх сувязяў, адзінота, псіхічны стан, стан здароўя — сталі прычынамі 9 самагубстваў у 2008 годзе. Большасць загінуўшых выбралі спосаб самагубства праз павешанне. Практычна ўсе характарызаваліся як асобы, якія злоўжываюць спіртнымі напіткамі. 15 красавіка ў перыяд тушэння пажару быў знойдзены труп грамадзяніна Л. Праверкай устаноўлена, што загінуўшы ўчыніў самагубства ва ўласным доме, спецыяльна ўзарваўшы два газавыя балоны. Па словах апытаных асобаў грамадзянін Л. і раней неаднаразова спрабаваў учыняць дэманстратыўнае самагубства. 28 красавіка быў знойдзены труп грамадзяніна К. з агнястрэльным раненнем грудной клеткі. Падчас праверкі было выяўлена, што мужчына злоўжываў алкаголем, быў скандальным чалавекам, не падтрымліваў ніякіх сяброўскіх адносінаў з суседзямі, былымі калегамі па рабоце. Незадоўга да гібелі яго пазбавілі права кіравання транспартным сродкам па прычыне алкагольнага ап'янення. Мужчына захоўваў дома паляўнічае ружжо, з якога і стрэліў сабе ў грудзі.
Па прычыне атручвання алкаголем на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна ў 2008 годзе загінулі 20 чалавек. Большасць загінуўшых пражывалі ў аддаленых вёсках раёна, не працавалі, сістэматычна ўжывалі спіртныя напіткі. 3 боку мясцовых органаў выканаўчай улады раёна, участковых інспектараў да загінуўшых прымаліся прафілактычныя меры ўздзеяння. Аднак апошнія на іх не рэагавалі, ад мераў медыцынскага ўздзеяння адмаўляліся. Утрыманне алкаголю ў крыві некаторых загінуўшых перавышала 8 праміле.
У вадаёмах раёна ў 2008 годзе ўтапіліся 7 чалавек. Так, 5 сакавіка ў возеры каля вёскі Явар былі знойдзены трупы двух мужчын. 3 мэтай скараціць шлях ад працоўнага месца да дома яны вырашылі прайсці па лёдзе возера. Лёд праламіўся, як вынік — трагедыя.
9 красавіка загінуў чалавек у выніку чэрапна-мазгавой траўмы пры падзенні з вышыні. Мужчына саслізнуў з трубы і ўпаў у ручай каля міні-рынку ў г. Дзятлаве.
Адбыліся дзве гібелі па прычыне атручвання хімічнымі рэчывамі. 19 чэрвеня грамадзянін Т., які знаходзіўся ў стане алкагольнага ап'янення, памылкова выпіў рэчыва для атручвання каларадскага жука, якое захоўвалася ў піўной бутэльцы. 25 жніўня таксама ў стане алкагольнага ап'янення грамадзянін К памылкова выпіў 70-працэнтную воцатную кіслату.
У аналізуемым перыядзе мела таксама месца атручванне грыбамі, асфіксія (перакрыцце дыхальных шляхоў іншародным целам), пераахалоджанне.
Для зніжэння колькасці загінуўшых на тэрыторыі раёна праводзяцца пэўныя мерапрыемствы. У Дзятлаўскі раённы выканаўчы камітэт, мясцовыя выканаўчыя камітэты пракуратурай раёна ўносяцца інфармацыйныя запіскі, прадстаўленні з аналізам прычын гібелі грамадзян і прапановамі аб прыняцці мераў па іх папярэджанню.

А. ТРЫФАНАЎ, следчы пракуратуры Дзятлаўскага раёна, газета "Перамога"




Эта статья взята с сайта Дятлово Online : город Дятлово и Дятловский район
http://dyatlovo.com

Адрес этой статьи:
http://dyatlovo.com/modules/news/article.php?storyid=429