Крыж - прыгажосць царкоўная

Дата 15.04.2009 14:20:00 | Раздел: События

Напярэдадні вялікага і светлага свята Уваскрэсення Хрыста адбылася ў Дзятлаве адметная падзея. Над новым храмам узнесліся чатыры крыжы. За гэтай урачыстай дзеяй назіралі дзесяткі людзей. На ўрачыстасць прыехаў архіепіскап Навагрудскі і Лідскі Гурый, якога караваем сустрэлі прыхаджане дзятлаўскага храма Прэабражэння Гасподня. У сваім прывітальным слове Уладыка пажадаў, каб крыжы гэтыя вечна ззялі над храмам, неслі радасць людзям — і тым, хто сёння жыве, і тым, хто будзе жыць на гэтай зямлі. У саслужэнні духавенства архіепіскап асвяціў крыжы, выказаўшы спадзяванне, што з міласцю боскаю яны будуць устаноўлены і стануць упрыгожаннем горада.

Некалькі гадзін спатрэбілася спецыялістам-вышыннікам з Пінска, кранаўшчыкам з "Гродна-азоту", дзятлаўскім зваршчыкам, каб уладкаваць крыжы над чатырмя "лукавіцамі" храма. Работы ўскладняла непагадзь, але работнікі справіліся. Калі ж пад вечар выглянула сонца, крыжы заззялі пазалотай у яго промнях.
Перагорнута яшчэ адна "старонка гісторыі" будоўлі храма. Летась былі ўсталяваны вялікі і чатыры меншыя купалы, быў асвечаны і замацаваны крыж над галоўным купалам, а сёлета — над меншымі. I ўсё гэта стала магчымым, дзякуючы агульным намаганням прыхаджан, уладаў раёна, кіраўнікоў і працаўнікоў прадпрыемстваў, ар-ганізацый, установаў, прадпрымальнікаў. Гэта адзначыў у падзячым слове прысутным Благачынны цэркваў Дзятлаўскай акругі, настаяцель храма Прэабражэння Гасподня Мікалай Пінчук. Вялікую падзяку ён выказаў прысутным на ўрачыстасці старшыні райвыканкама В. Грытчанку і дэпутату Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь М. Орда.
Наперадзе — клопатаў не менш. Але будзем верыць і сваім удзелам, падтрымкай будоўлі набліжаць момант, калі велічны храм расчыніць дзверы для вернікаў.

I. МІХАЙЛОЎСКАЯ, газета "ПЕРАМОГА"




Эта статья взята с сайта Дятлово Online : город Дятлово и Дятловский район
http://dyatlovo.com

Адрес этой статьи:
http://dyatlovo.com/modules/news/article.php?storyid=436