Вензавецкія даніелі

Дата 25.04.2009 15:50:00 | Раздел: Калейдоскоп

Леташняй вясною інфармацыйныя агенцтвы Беларусі распаўсюдзілі навіну: у Белавежскую пушчу праз стагоддзе вярнуліся еўрапейскія лані. 83 асобіны, завезеныя з Польшчы, пачалі адаптацыю ў Белавежы. Праз год еўрапейскія лані, іх яшчэ называюць - даніэлямі, дабраліся да нашага Вензаўца. У чацвер, 16-га красавіка, пяць даніэляў прывезлі сюды з Астраўца
Гістарычная радзіма еўрапейскіх ланяў — краіны Міжземнамор'я. Прымусовае рассяленне капытных па Еўропе, верагодна, пачалося ў Сярэднявеччы. А ў Белавежскую пушчу іх завезлі ў сярэдзіне XIX стагоддзя. На 1895 год пагалоўе беларускіх даніэляў павялічылася да 740 жывёлін і пачало пагражаць дабрабыту пушчы: даволі пражэрлівыя лані выядалі лясны падрост, усё больш прыгнятаючы пушчанскую флору. Праблему перанасялення пушчы даніэлямі кардынальна вырашылі трагічныя падзеі пачатку XX ста-годдзя. Вынікам 1-ай Сусветнай і грамадзянскай войнаў стала поўнае вынішчэнне беларускіх ланяў. Мэтаю цяперашняга вяртання даніэляў у Белавежскую пушчу вызначана рассяленне папуляцыі па лесапаляўнічых гаспадарках і лясніцтвах Беларусі дзеля інтарэсаў турызму.

Дык чым цікавыя даніэлі? Яны прыгожыя. Грацыёзным жывёлінам прырода падаравала і ўборыстую плямістую афарбоўку шэрсці, і шыкоўныя галінастыя рогі (самцам). Таму даніэляў яшчэ называюць плямістымі аленямі. Але ў параўнанні з высокароднымі аленямі яны многа меншыя. Рост у загрыўку каля метра, вага — 50-90 кілаграмаў.
Самкі меншыя за самцоў, хіба што крышку большыя за казу. Гон — у канцы верасня — кастрычніку, цяжарнасць самак доўжыцца 7,5 — 8 месяцаў, яны нараджаюць адно, рэдка — два цяляці. Даніэлям адведзена прыродаю 15 — 20 гадоў жыцця.
Цягам часу з дзікіх аленяў еўрапейскія лані ператварыліся ў дэкаратыўна-паркавыя, часткова — паляўнічыя жывёліны. Сталі сімвалам натуральнай грацыёзнасці і эталоннай пужлівасці. Аматары паляўнічых трафеяў высока цэняць прыгажосць іхніх рагоў. Рогі даніэляў даволі вялікія — дасягаюць у размаху
80 сантыметраў, з даўжынёю ствала за 80 сантыметраў і маюць падабенства з ласінымі (добра развітая вертыкальная лапатка на вяршыні).
У Вензавецкае лясніцтва еўрапейскія лані трапілі паводле дзяржаўнай праграмы развіцця паляўнічай гаспадаркі. 16-га красавіка завезены пяць першых асобін. Усяго ў 20-гектарны вальер будуць выпушчаны 20 даніэляў. Для падножнага харчавання ланяў выгараджанай тэрыторыі недастаткова, таму зімою іх будуць падкормліваць.

Б. ВАРНА, газета "Перамога"




Эта статья взята с сайта Дятлово Online : город Дятлово и Дятловский район
http://dyatlovo.com

Адрес этой статьи:
http://dyatlovo.com/modules/news/article.php?storyid=444