Наш дэвіз: Тварыць!

Дата 03.05.2009 14:52:44 | Раздел: Калейдоскоп

У нашай гімназіі №1 г. Дзятлава вучыцца шмат здольных дзяцей, для якіх навука, веды — шлях пазнання навакольнага свету, удасканалення самога сябе. Для гэтага створаны ўсе ўмовы, ёсць усе магчымасці. Кожны год у нас праходзяць канферэнцыі, сустрэчы з вучонымі, са знакамітымі людзьмі Беларусі, нам прапануюцца даследча-краязнаўчыя вандроўкі. Але самым цікавым з'яўляецца конкурс інфармацыйных тэхналогій.
Гэты конкурс праводзіцца сярод гімназістаў другі год. Пачынаецца ён у студзені і заканчваецца ў маі. Кожны месяц вучні могуць працаваць па двух прадметах: напрыклад, у студзені — па беларускай мове, літаратуры і геаграфіі. На працягу месяца, выбраўшы прадметы, вучні ствараюць і ажыццяўляюць уласныя праекты: робяць прэзентацыі, фільмы, ствараюць зборнікі вершаў. Летась праводзіўся конкурс прэзентацый па прадметах і па яго выніках створана "Электронная энцыклапедыя навуковага таварыства "Эверэст". Яна ўдзельнічала ў раённым конкурсе інфармацыйных тэхналогій.


Сёлета навуковае таварыства прапанавала пашырыць межы творчасці: асноўнымі відамі работ гімназістаў сталі зборнікі і фільмы. Тут і ўласныя вершы, і вершы любімых паэтаў. Зборнік складаецца па ўсіх правілах друкарскай справы.
У канцы месяца, калі работы здадзены, журы падводзіць вынікі. Потым на ўрачыстай лінейцы лепшыя аўтары ўзнагароджваюцца граматамі і памятнымі прызамі.
У сакавіку закончыўся конкурс работ па матэматыцы. Наш 9 "А" клас прыняў у ім самы актыўны ўдзел. Вучні выканалі шмат работ на розныя тэмы. Нават прысвяцілі матэматыцы свае вершы. Гэтым яны выказалі сваю любоў да матэматыкі, захапленне гэтым прадметам. А найпершай памочніцай і дарадцай нам у гэтай працы была любімая наша настаўніца Ганна Станіславаўна Урбановіч. Ёй мы кажам: "Вялікі дзякуй!"

Рыта КАЛАШНІКАВА, Маша СТАРЫКАВА, вучаніцы гімназіі №1 г. Дзятлава, газета "Перамога"




Эта статья взята с сайта Дятлово Online : город Дятлово и Дятловский район
http://dyatlovo.com

Адрес этой статьи:
http://dyatlovo.com/modules/news/article.php?storyid=449