Подых гісторыі

Дата 03.05.2009 15:13:47 | Раздел: Калейдоскоп

Вучні Круцілавіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы пабылі на
экскурсіі ў Брэсцкай крэпасці, наведалі горад Камянец.
Ярка свяціла сонца, калі мы прыехалі ў Брэст. Хутка былі ўжо на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці. Кожнага з нас вельмі ўразілі ўваходныя вароты мемарыяльнага комплексу ў форме пяцікутнай зоркі, расчулілі словы Левітана : " Увага! Гаворыць Масква...".
На тэрыторыі мемарыяльнага комплексу мы пабачылі шмат скульптураў, кожная з якіх з'яўляецца напамінам пра Вялікую Айчынную вайну. Асабліва ўразіў манумент "Смага": салдат з апошніх сілаў цягнецца з каскай да вады, каб напаіць дзяцей, жанчын, параненых салдатаў.
Пра тыя страшныя дні нагадваюць руіны Белай крэпасці, кампазіцыя ў выглядзе штыка.
Падчас экскурсіі па Брэсцкай крэпасці міжволі думаеш пра тое, што перажылі яе абаронцы , людзі, якія аддалі жыццё за Радзіму. Мы памятаем пра іх, удзячныя ім за мірнае неба над галавой, за магчымасць спакойна жыць.
Наша падарожжа прадоўжылася ў Белавежскай пушчы, а затым наступным прыпынкам у нашай экскурсіі стаў горад Камянец, гістарычнай адметнасцю якога з'яўляецца Белая вежа. Яна ўражвае сваёй магутнасцю. Гэта — абарончае збудаванне з невялікімі праёмамі ў сценах для вентыляцыі паветра. Праёмы выкарыстоўваліся і ў абарончых мэтах .
Цікавая планіроўка Белай вежы. Кожны з паверхаў адыгрываў пэўную ролю. Так, напрыклад, у падвале змяшчаліся боепрыпасы, запасы ежы і вады. На самым верхнім узроўні вежы знаходзіўся пакой адпачынку.Там размяшчалася сталовая, дзе воіны сілкаваліся.
Захавалася зброя тых часоў, рыцарскія даспехі, на якіх — сляды ад удараў мяча.
Мы атрымалі ад падарожжа вялікае задавальненне, шмат прыемных эмоцый. Імі былі напоўнены і тыя аповяды, якія мы расказвалі сваім сябрам, настаўнікам, аднакласнікам.

Алена ПІВАВАРЧЫК, Настасся ФІЛАТАВА, газета "Перамога"




Эта статья взята с сайта Дятлово Online : город Дятлово и Дятловский район
http://dyatlovo.com

Адрес этой статьи:
http://dyatlovo.com/modules/news/article.php?storyid=452