Медыцына - маё прызванне

Дата 07.05.2009 1:02:19 | Раздел: Калейдоскоп

Медыцынская сястра. Нават у маўленні гэтага слова чуецца штосьці пяшчотнае, клапатлівае, роднае. Яна суцешыць, выслухае, дапаможа. Таццяна Мікалаеўна Жамойдзік працуе медсястрой у адным з самых цяжкіх аддзяленняў Дзятлаўскай раённай бальніцы — рэанімацыйным. Боль, пакуты, стан пацыента — на мяжы жыцця і смерці. Да гэтага прывыкнуць немагчыма нават тады, калі маеш даволі вялікі стаж работы. "Асабліва балюча , — зазначае мая суразмоўца,— калі пакутуюць дзеці".
У рэанімацыйным аддзяленні Таццяна Мікалаеўна працуе са жніўня 1997 года. Да гэтага была медсястрой наркалагічнага аддзялення , затым — аддзялення хірургіі і траўматалогіі . Калі было адчынена асобнае аддзяленне траўматалогіі, жанчына працавала ў ім працэдурнай медсястрой, сумяшчаючы з абавязкамі старшай медсястры.
— Медыцына, — гаворыць Таццяна Мікалаеўна ,— мой свядомы выбар. Ён стаў відавочны яшчэ ў дзяцінстве. Калі мае сяброўкі любілі гуляць у "дочкі-мамы", я з задавальненнем гуляла ў "бальніцу". А вось саміх дактароў у дзяцінстве я вельмі баялася, асабліва стаматолага.
Я родам з вёскі Хвінявічы. Закончыўшы Хвінявіцкую сярэднюю школу, паступіла ў Гродзенскае медвучылішча, дзе і атрымала спецыяльнасць медыцынскай сястры. Практыку праходзіла ў бальніцы №2 г.Гродна. Пасля заканчэння вучылішча працаваць вярнулася на Дзятлаўшчыну.
Таццяна Мікалаеўна — нешматслоўная субяседніца. Яна даволі коратка расказала пра сябе, пра сваю работу, галоўнае ў якой — клопат пра здароўе і жыццё іншых. I найвялікшым падарункам для жанчыны з'яўляецца, калі чалавек ідзе на папраўку.
Праца медсястры ў рэанімацыйным аддзяленні — нялёгкая справа. Зняць стомленасць Таццяне Мікалаеўне дапамагаюць кнігі, прагляд добрых кінастужак. Падабаюцца і перадачы пра здароўе, у прыватнасці, аўтарская праграма Алены Малышавай. А вось універсальны сакрэт здароўя, як лічыць Таццяна Мікалаеўна, заключаецца ў наступным: "Неабходна любіць сябе, не перакладваць клопат пра здароўе на кагосьці іншага. Здароўе — галоўнае багацце. I акрамя яго, калі ўжо захварэеш, нічога ў жыцці не патрэбна."

А.Дуброўская, газета "Перамога"



Эта статья взята с сайта Дятлово Online : город Дятлово и Дятловский район
http://dyatlovo.com

Адрес этой статьи:
http://dyatlovo.com/modules/news/article.php?storyid=457