Віталь Крэйдзіч: "Усе магчыма, калі вельмі захацець..."

Дата 07.05.2009 1:09:37 | Раздел: Общество

Я так хвалявалася перад сустрэчай з юным музыкантам, але Віталь аказаўся вельмі цікавым субяседнікам. Ён так усхвалявана гаварыў аб музыцы, з такой любоўю і адданасцю браў у рукі альт, што я міжволі пашкадавала, што не вучылася ў музычнай школе.
Віталь Крэйдзіч, хоць і не можа бачыць, ужо некалькі гадоў займаецца музыкай. У дванаццаць гадоў ён прыйшоў у музычную школу свайго пасёлка з вялікім жаданнем іграць на гітары. Вольга Барысаўна Гаўрыш — дырэктар Гезгалаўскай дзіцячай школы мастацтваў, хоць і не мела вопыту работы з такімі дзецьмі, як Віталь, згадзілася займацца з ім. Настаўніца прапанавала Віталю паспрабаваць узяць у рукі скрыпку. Скрыпка ўнесла многа новага і цікавага ў жыццё юнага музыканта: удзел у конкурсах, узнагароды, канцэрты, фестывалі. Напрыклад, Віталік удзельнічаў у Гродзенскім абласным конкурсе скрыпачоў імя Горскага, дзе атрымаў дыплом пераможцы.
Хутка ў жыцці Віталя з'явіўся альт. Параўноўваючы скрыпку з альтам, юны музыка заўважае, што ў «альта гук грубаваты, але ў той жа час нібы аксамітны, густы і ўсё-такі прыгажэйшы за скрыпку». Цяпер юны музыкант не расстаецца з альтам.
У студзені гэтага года Віталь выступаў са сваім ансамблем на дабрачынным канцэрце ў Бараўлянах у Дзіцячым анкалагічным цэнтры. Са словаў Вольгі Барысаўны, паездка была вельмі адказная і складаная. Па-першае, менавіта ў Бараўлянах Віталю ўратавалі жыццё, калі ён быў зусім маленькі. Па-другое, выступаць трэба было не перад звычайнай публікай, а перад цяжкахворымі дзецьмі. Маленькія пацыенты музыкантаў прынялі насцярожана, але хутка дзеці былі зачараваны музыкай, і многія нават не маглі стрымаць слёз. Плакалі і артысты. Дарэчы, у калядныя святы бацькі забіраюць дзяцей дахаты, і ў той час у цэнтры засталіся самыя цяжкія хворыя. Пасля канцэрта многія гледачы падыходзілі падзякаваць музыкантам, некаторыя тэлефанавалі, пісалі.

Гэты канцэрт даў надзею дзецям. Сямнаццацігадовы Віталь быў прыкладам таго, што ўсё ў свеце магчыма, калі вельмі захацець, імкнуцца да сваёй мэты, нягледзячы на тое, што і ён яшчэ маленькім хлопчыкам перанёс аперацыі ў гэтым цэнтры.
Са слоў Віталя, не было б усіх яго старанняў і памкненняў, калі б яго не падтрымлівалі Вольга Барысаўна і мама. Менавіта яны дапамагаюць Віталю развіваць свой талент, заваёўваць перамогі на конкурсах і фестывалях, яны накіроўваюць яго ў правільны бок, не даюць упасці духам.
Нягледзячы на тое, што Віталь шмат часу аддае альту, юны музыкант яшчэ і піша вершы, займаецца выяўленчым мастацтвам. Яго пано «Танкі», злепленае з цеста, атрымала ўзнагароду на конкурсе. Віталь любіць слухаць класічную музыку, аддае перавагу Моцарту і Баху, а яшчэ ён прыхільнік сучаснага гурта «Apocalyptica».
Ёсць у Віталя сябры. 3 самым лепшым сябрам — Алегам Беляком з вёскі Дварэц, яны пазнаёміліся на адным з кон-курсаў, дзе сустрэліся як сапернікі, а развітваліся як сапраўдныя сябры. 3 першага разу запомнілі нумары тэлефонаў адзін аднаго і з таго часу доўга размаўляюць, сустракаюцца. Алег Бяляк не можа хадзіць, але, як і Віталь, мае свае таленты: сачыняе песні, прыгожа спявае, таксама піша вершы. Хлапчукі нібы дапаўняюць адзін аднаго. Віталь — «ногі» Алега, а Алег — «вочы» Віталя.
Перад тым, як развітацца з Віталем, я папрасіла яго сыграць мне. I ён сыграў. Я многа разоў чула, як гучыць скрыпка, альт і іншыя інструменты, але ад такой ігры ў мяне нешта перавярнулася ўнутры, а па шчацэ пракацілася сляза. У яго выкананні была душа, пачуцці, любоў, якіх часта не хапае іншым музыкантам. Віталь — несумненна таленавіты чалавек, рознабакова развіты, мэтанакіраваны. У гэтым годзе Віталь плануе паступаць у Гродзенскае вучылішча мастацтваў. Там ёсць педагогі, каторыя гатовы займацца з ім. Але самая запаветная мара Віталя — сыграць на скрыпцы Страдзівары. Думаю, мара годная юнага музыканта і, хто ведае, можа, калі-небудзь Віталік, сапраўды, сыграе на знакамітым інструменце.

Алена МАЛЬКО студэнтка інстытута журналістыкі БДУ, газета “Перамога”




Эта статья взята с сайта Дятлово Online : город Дятлово и Дятловский район
http://dyatlovo.com

Адрес этой статьи:
http://dyatlovo.com/modules/news/article.php?storyid=458