На пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх

Дата 20.05.2009 23:20:16 | Раздел: Общество

НЕНАДЗЕЙНЫЯ МАТУЛІ: Часта ламае лёс толькі адна выпітая чарка гарэлкі. Хвіліннае супакаенне, магчымасць забыцца пра свае праблемы — і чалавек не заўважае, як паступова становіцца рабом "зялёнага змія". Гэта страшна: тады пакутуе сам чалавек, пакутуюць яго родныя, дзеці.
У сям'і Б. — двое дзяцей. Бацькі працуюць, мама — адна з лепшых працаўніц, у сям'і ёсць жыллё. На першы погляд, усё добра, каб не адно "але". Жанчына дазваляе сабе ўжываць алкаголь. I тады усё адыходзіць на другі план. Алкаголь нібыта праводзіць мяжу між ёю і дзецьмі, сям'ёю. Тады ў хаце няма прадуктаў.не прыгатавана ежа, дзеці могуць падсілкавацца толькі ў дзіцячым садзе.
Сям'я Б. стаіць на ўнутрышкольным кантролі. Прынятыя меры не дазволілі сітуацыі пагоршыцца яшчэ больш. Цяпер па хадайніцтву школы сям'я Б. будзе пастаўлена на ўлік, як ненадзейная, у камісіі па справах непаўналетніх, будзе весціся работа па вываду сям'і з крытычнай сітуацыі.
Як вядома, часцей за ўсё дзеці ладзяць сваё жыццё па прыкладу дарослых. Як жыць і працаваць яны вучацца ў сваіх таты і мамы.
Бруд у хаце, антысанітарыя — у такіх умовах жывуць трое дзяцей грамадзянкі Ф. Яны далёкія ад такіх паняццяў як чысціня і парадак. Хто іх гэтаму навучыць? Гэта зрабіць павінна мама, аднак ёй няма часу, паколькі вялікая занятасць на рабоце. Работа ў грамадзянкі Ф. сапраўды нялёгкая, працаваць даводзіцца з ранку да позняга вечара. Аднак гэтак жа працуюць многія іншыя. У іх таксама ёсць сем'і, дзеці. Нягледзячы на занятасць, у хатах пануе парадак, дзеці дагледжаны.
А вось для таго, каб ужыць алкаголь, "вольная хвіліна" у грамадзянкі Ф. знойдзецца. Гэта ж характэрна і для яе сужыцеля.
Цяпер грамадзянцы Ф. адведзены пэўны тэрмін для таго, каб прывесці дом у належны выгляд,зрабіць рамонт(тым больш, што ў гэтым ёй аказваецца дапамога),стварыць адпаведныя ўмовы жыцця для дзяцей.
Пытанне аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў паўстала ў адносінах да грамадзянкі Ш., маці дваіх дзяцей. Такі сумны лёс ужо напаткаў яе сястру.
Грамадзянка Ш. лячылася ад пагубнай звычкі,аднак безвынікова. Справа ў тым асяроддзі, у якім яна жыве. П'юць яе родны брат, сужыцель.
Жанчына вельмі хоча выправіцца, захаваць званне маці. Для гэтага яна пройдзе лячэнне. Затым ёй неабходна будзе ўладкавацца на працу, вырашыць праблему жылля. Дзеці пакуль будуць знаходзіцца ў прытулку.
Мінулы выклік на пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх для грамадзянкі Г. быў звязаны з просьбай вярнуць ёй з сацыяльнага прытулку дзяцей. Жанчына была ўдзячна за аказаную ёй дапамогу, за магчымасць зноў пачаць жыццё з чыстага аркуша. Тым больш, што ўсе ўмовы для гэтага былі створаны. Толькі гэтыя словы, на жаль, не спраўдзіліся. Грамадзянка Г. зноў вярнулася да мінулага стылю жыцця. Яна не выходзіць на работу, выпівае. А гэта ў сваю чаргу вядзе да недахопу часу на выхаванне дзяцей. Грамадзянцы Г. было зроблена апошняе папярэджанне. Калі жанчына не выправіцца, яна будзе пазбаўлена бацькоўскіх правоў.

"ВІРАЖЫ" ГІСТОРЫІ: Гісторыя паўтараецца. Гэтая аксіёма ўжо вядома даўно.Даволі часта яна праяўляецца ў жыццёвых лёсах: нярэдка дзеці крочаць па слядах бацькоў, паўтараюць іх памылкі.
Грамадзянка I. — маладая, прыгожая жанчына. Аднак у яе жыцці ўжо ёсць "чорная пляма": жанчына была пазбаўлена баць-коўскіх правоў у адносінах да старэйшага дзіцяці. Затым правы на выхаваннё былі адноўлены. Такая ж сітуацыя можа адбыцца і з малодшым сынам, які пакуль знаходзіцца ў сацыяльным прытулку. Забраць сына да сябе хоча яго бацька. Гэтае пытанне вырашыць суд.
Грамадзянка I. нідзе не працуе, не мае жылля. Дапамагчы ўнукам, забяспечыць іх усім неабходным абяцае мама грамадзянкі I. Толькі ці магчыма гэтым кампенсаваць тыя гады, калі дачка расла без яе, паколькі жанчына была пазбаўлена бацькоўскіх правоў. Цяпер яе памылку паўтарае дачка. Застаецца спадзявацца, што ўсё ж такі ў адносінах да малодшага сына яна захавае права быць маці.
Грамадзянка П. выхоўвалася без бацькоў, родным домам для яе быў інтэрнат. Цяпер жанчына — ужо сама маці. Толькі вось належнай увагі дачцы яна не надае. Чамусьці дзяўчынка большую частку часу выхоўваецца ў бабулі, родная маці занята асабістым жыццём. У ім ёсць месца і алкаголю.
На пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх грамадзянка П. абяцала выправіцца. Для гэтага ёсць усе умовы, у тым ліку і жыллёвыя. Ці стане атрыманае новае жыллё сапраўдным домам для яе дачкі, ці будуць у ім панаваць любоў і пяшчота — усё гэта залежыць ад грамадзянкі П.

"КРУТЫ" АДПАЧЫНАК: Як правесці вольны час? Для многіх падлеткаў адказ на гэтае пытанне відавочны — пайсці на дыскатэку. Гучная музыка, сябры, і яшчэ даволі часта — выпіўка. Затрыманне непаўналетняга ў стане алкагольнага ап'янення, складанне пратаколу — усё гэта вядзе да сур'ёзных праблемаў. Гэта павінны ўсведамляць і бацькі, і дзеці.
На пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх былі выкліканы два хлопцы. Яны былі затрыманы ў стане алкагольнага ап'янення падчас дыскатэкі ў адной з вёсак раёна. Адзін з хлопцаў выпіў півадаму што яго "прымусілі", другі хлопец — па прычыне дня нараджэння сябра.
Абодва непаўналетнія — старанныя хлопцы, някепска вучацца. Яны атрымалі папярэджанне,паабяцалі больш не паўтараць такіх памылак.
Не грэбуюць алкаголем і дзяўчаты. На пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх была выклікана непаўналетняя Н.
Прычына — знаходжанне на вуліцы ў позні час у стане алкагольнага ап'янення.
Магчыма, да такіх кепскіх паводзінаў прывялі ўзаемаадносіны з матуляй. На працягу трох месяцаў жанчына знаходзілася ўдалечыні ад дома, у іншай краіне. За гэты перыяд у яе дачкі пагоршыліся паспяховасць у вучобе, паводзіны. А цяпер вось складзены пратакол.
Напэўна, маці варта перагледзець свае жыццёвыя каштоўнасці, больш увагі надаваць дачцы.
Непаўналетняя Б.— сірата. 3 родных у яе — сям'я дзядзькі (некаторы час яны былі яе апекунамі), а таксама брат.
Дзяўчына нібы заблудзілася ў гэтым жыцці. Яе душа не ляжыць да той прафесіі, якую яна цяпер набывае, у яе няма дакладнага ўяўлення пра будучыню.
Пратакол на дзяўчыну быў складзены з-за п'яных паводзінаў, абразы на адрас чалавека. На пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх дзяўчына была папярэджана. 3 боку камісіі непаўналетняй будзе аказана дапамога ў паступленні ў тую навучальную ўстанову, пра якую яна марыць.

"РЫЦАРСКІ" УЧЫНАК: На пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх быў выкліканы непаўналетні А. Хлопчык пабіў аднакласніка,які, па словах непаўналетняга А., абразіў дзяўчынку. На жаль, гэты ўчынак для непаўналетняга А. не адзінкавы: агрэсія ў адносінах да аднак-ласнікаў праяўляецца даволі часта.
Бацькам было выказана пажаданне надаваць сыну больш увагі, а пакуль за ўчынак сына яны павінны заплаціць штраф.

Н. ЗОЛАТАВА,намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх.
Н. КАЗАРЭЗ, начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх.
А. ДУБРОЎСКАЯ, карэспандэнтка газеты Перамога.
Газета "Перамога"




Эта статья взята с сайта Дятлово Online : город Дятлово и Дятловский район
http://dyatlovo.com

Адрес этой статьи:
http://dyatlovo.com/modules/news/article.php?storyid=461