Ніхто не забыты, нішто не забыта..

Дата 20.05.2009 23:37:35 | Раздел: События

Пад такой назвай у гімназіі №1 г. Дзятлава праходзіў семінар-акцыя, у якой прынялі ўдзел гімназісты, студэнты мінскіх ВНУ, члены маладзёжнай яўрэйскай арганізацыі "Гелель".

Есць людзі, для якіх вывучэнне гісторыі Халакосту з'яўляецца неад'емнай часткай жыцця, данінай памяці ахвярам фашызму, абавязкам перад нашчадкамі. Абавязак гэты заключаецца ў захаванні імені кожнага яўрэя, загінуўшага падчас вайны ад рук нямецкіх акупантаў і іх памагатых. Дэлегацыя студэнтау пад кірауніцтвам прадстаўніка агенцтва Ізраіля ў Рэспубліцы Беларусь Г. Аксельрода наведала Дзятлава з мэтай сабраць матэрыял і ўвекавечыць памяць загінуўшых яўрэяў у зале Імёнаў ізраільскага музея Яд Вашэм.
Напачатку была арганізавана экскурсія па Дзятлаву кіраўніком гімназічнага музея Ж. С. Нагавонскай. Студэнты наведалі і сам музей, дзе пазнаёміліся з тэматычнымі стэндамі і выставамі. Іх вельмі зацікавіў стэнд пад назвай "Яўрэйская культура на Дзятлаўшчыне". Падрабязна расказала пра жыццё яўрэяў на Дзятлаўшчыне і іх лёс у час Вялікай Айчыннай вайны Ж.С. Нагавонская. Яе аповяд зрабіў на прысутных вялікае ўражанне.
Затым студэнты разам з гімназістамі ўдзельнічалі ў семінары-акцыі. Самая вакная і адказная яго частка — збор інфармацыі і запаўненне анкет праекта "Захаванне імёнаў".
Усе ўдзельнікі падзяліліся на групы і накіраваліся па ўказаных адрасах Дзятлава да тых, хто помніць вайну, перажыў яе.
Нашай групе было даручана пагутарыць з А.М. Чурыла. Арцёмія Міхайлаўна расказала нам шмат цікавага пра тое, як жылі яўрэі мястэчка, чым займаліся да вайны, як змянілася іх жыццё з прыходам фашыстаў. 3 вялікім жалем і болем яна ўспамінала сваіх суседзяў, знаемых, якіх расстралялі толькі за тое, што яны былі яўрэямі. Не магла Арцёмія Міхайлаўна стрымаць слёз, прыгадваючы тыя жудасныя падзеі вайны.
Мы даведаліся таксама шмат цікавага пра яўрэйскія звычаі і святы, нацыянальную кухню, быт, заняткі, узаемаадносіны
яўрэяў з беларусамі, рускімі, палякамі.
На наступны дзень была запланавана паездка ў Казлоўшчынскі пассавет да месцаў дыслакацыі сямейных лагераў, для вывучэння пахаванняў на мясцовых яўрэйскіх могілках. Мы сустрэліся з дачкой відавочцы расстрэлу яўрэяў непадалёку ад Казлоўшчыны.
Экспедыцыя пабыла таксама ў вёсцы Дварэц, г.п. Наваельні. У наваельнянскім школьным музеі "Дзеці ліхалецця" для студэнтаў і гімназістаў цікавую і павучальную экскурсію правяла кіраўнік музея Т.У Крывеня.
Наведалі мы і дзятлаўскія яўрэйскія могілкі — месца масавага пахавання. Тут прагучалі малітвы на двух мовах, а потым было запалена шмат свечак у памяць аб ахвярах несправядлівасці і жорсткасці.
Падчас падвядзення вынікаў сумеснай працы студэнтаў і гімназістаў мы пачулі шмат прыемных водгукаў. Гасцям спадабалася Дзятлава, яны ўдзячныя адміністрацыі гімназіі за аказаную падтрымку ў правядзенні семінара-акцыі. А галоўнае — мы ганарымся, што займаемся вельмі значнай і важнай справай. Тое, што мы робім, застанецца ў гісторыі, у памяці будучых пакаленняў.

Наталля СВІРЫДА, вучаніца гімназіі №1 г. Дзятлава, газета "Перамога"




Эта статья взята с сайта Дятлово Online : город Дятлово и Дятловский район
http://dyatlovo.com

Адрес этой статьи:
http://dyatlovo.com/modules/news/article.php?storyid=463