Каб не давялося капацца... ў смеціі

Дата 04.06.2009 2:30:00 | Раздел: Общество

Пачынаецца летні сезон, час адпачынку. I ў гэты перыяд многія дарослыя і дзеці імкнуцца адпачыць ля вады, пагуляць у мяч або бадмінтон, пасмажыць шашлыкі... Адным словам, цікава і карысна правесці час на прыродзе. Вось толькі сляды такога "яднання" з прыродай, на жаль, не радуюць вока: смецце — на пляжах, плямы бензіну — па паверхні вады, зламаныя лаўкі. I самае страшнае — лясныя пажары.
Няма яшчэ культуры паводзінаў ля вады, у лесе, на месцах адпачынку. Нярэдка толькі вялікі штраф прымушае чалавека задумацца і спыніцца.
Да пачатку сезону на большасці месцаў адпачынку быў наведзены парадак: пафарбаваны лаўкі, абсталяваны месцы для збору адходаў, устаноўлены інфармацыйныя шчыты. Можна прыехаць у добраўпарадкаванае месца і адпачываць. Многія гэта ацанілі, імкнуцца захоўваць чысціню.
На працягу лета захочацца ж сюды прыехаць зноў і зноў. Але ёсць і такія адпачываючыя, якія жывуць па прынцыпу: "Пасля мяне — хоць трава ні расці!"
За апошні месяц складзены ўжо 12 пратаколаў на парушальнікаў прыродаахоўнага заканадаўства ў водаахоўных зонах і прыбярэжных палосах.
Месцы адпачынку не стыхійна ўтварыліся. Яны замацаваны адпаведнымі рашэннямі мясцовай улады, вызначаны правілы паводзінаў. Так, забаронена стаянка аўтатранспарту бліжэй 30 метраў да вады і мыццё транспартных сродкаў.
Нельга ў зонах адпачынку ўзворваць зямлю і пасвіць жывёлу. Забаронена прымяняць угнаенні і пестыцыды ў межах прыбярэжнай паласы. Нельга высякаць дрэвы і кусты, ставіць палатачныя гарадкі (больш 5 палатак, звыш 20 чалавек).
Аднак кожны сезон знаходзіцца нямала аматараў "дзікага" адпачынку, якія купаюцца ў непрызначаных для гэтага месцах, нават тэхнічных вадаёмах. Па-варварску знішчаецца і "наглядная агітацыя": бясследна знікаюць нават трывала забетанаваныя слупы.
Раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя сумесна з аддзелам унутраных справаў праводзяць рэйды па месцах масавага адпачынку, не пакідаюць іх без нагляду. Аднак намаганняў толькі дзяржаўных службаў недастаткова. Станоўчы вынік залежыць ад кожнага з нас, ад таго, наколькі мы нераўнадушныя да праяваў варварскіх адносінаў да прыроды, які прыклад падаём акружаючым, найперш дзецям.

Д. БАЛЬКОЎСКІ,
начальнік раённай інспекцыі прыродных
рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, газета "Перамога"




Эта статья взята с сайта Дятлово Online : город Дятлово и Дятловский район
http://dyatlovo.com

Адрес этой статьи:
http://dyatlovo.com/modules/news/article.php?storyid=472