Гатоунасць дружын

Дата 13.06.2009 16:35:27 | Раздел: События

6 чэрвеня во ўрочышчы "Рыбакі" адбыліся раённыя вучэнні-спаборніцтвы санітарных, пажарных дружын прадпрыемстваў і СВК раёна.
Удзел у іх прынялі 10 санітарных і 13 пажарных дружын.
Мэтай вучэнняў-спаборніцтваў санітарных дружын была праверка тэарэтычных ведаў па інфекцыйных хваробах, умення працаваць у "ачагу" ядзернага паражэння і аказваць першую медыцынскую дапамогу, даглядаць хворых і пацярпелых у шпітальных аддзяленнях.
Як паведаміў начальнік штаба грамадзянскай абароны Дзятлаўскай ЦРБ У. Кавальчук, асабовы састаў санітарных дружын на вучэннях-спаборніцтвах паказаў дастаткова трывалыя веды на ўсіх этапах вучэнняў. Агульная ацэнка — добра.
Першае месца па выніках усіх спаборніцтваў заняла сандружына СВК "Раготна", другое — СВК "Жукоўшчына", трэцяе — СВК "Вензавец". Добрыя веды і практычныя навыкі па аказанню медыцынскай дапамогі ў "ачагу" ядзернага паражэня паказала санітарная дружына СВК "Дварэц-Агра", па догляду за хворымі і пацярпелымі ў шпітальным аддзяленні — сандружына СВК "Слава працы", а ў тэарэтычным конкурсе па пытаннях інфекцыйных хваробаў вызначыліся сандружынніцы СВК "Граніт-Агра".
Пераможца і прызёры вучэнняў-спаборніцтваў адзначаны граматамі і грашовымі прэміямі. Узнагароджаны таксама медработнікі, якія старанна рыхтавалі сандружыны да спаборніцтваў. Гэта — загадчык Раготнаўскай амбулаторыі У. Бегер, загадчыцы Жукоўшчынскага ФАПа Л. Кучынская, Вензавецкага — М. Сіняк.
Пажарныя дружыны, а іх на вучэннях-спаборніцтвах было 13, дэманстравалі свае ўменні ў баявым разгортванні тэхнікі, на 100-мятровай паласе перашкодаў, у пажарнай эстафеце 4 па 100 метраў. Выдатна выступіла на ўсіх этапах выпрабаванняў пажарная дружына Наваельнянскага камбіната хлебапрадуктаў на чале з камандзірам А. Слабко, якая і заняла першае месца. У гэтую дружыну ўваходзілі таксама В. Умоўскі, Н. Анушкевіч, П. Карман, В. Шалесны, А. Налівайка. Другое месца ў вучэннях-спаборніцтвах заняла пажарная дружына СВК "Вензавец" (камандзір П. Бойка), трэцяе — СВК "Слава працы" (камандзір Л. Пякарскі). Леташні пераможца — Дварэцкі льнозавод быў толькі пяты.
Лепшыя пажарныя дружыны адзначаны грашовымі прэміямі і граматамі. Узнагароджаны і пераможца спаборніцтва на 100-мятровай паласе з перашкодамі С. Чурай з СВК "Дварэц-Агра".
Вучэнні-спаборніцтвы паказалі, што пажарныя дружыны гатовы дзейнічаць зладжана і ўпэўнена ў экстрэмальных сітуацыях.

I. МІХАЙЛОЎСКАЯ, газета "Перамога"




Эта статья взята с сайта Дятлово Online : город Дятлово и Дятловский район
http://dyatlovo.com

Адрес этой статьи:
http://dyatlovo.com/modules/news/article.php?storyid=479