Рыта Калашнікава - пераможца конкурсу "Інтэлектуал гімназіі"

Дата 13.06.2009 16:50:00 | Раздел: Калейдоскоп

Таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім. Гэтая ісціна не раз апраўдалася ў дачыненні да вучняў Дзятлаўскай гімназіі. Нашы зорачкі — гэта пераможцы алімпіядаў і творчых конкурсаў, стваральнікі зборнікаў і прэзентацый, лепшыя спартсмены раёна і вобласці і ўдзельнікі навуковых канферэнцый. А яшчэ гэта пераможцы штогадовага конкурса "Інтэлектуал гімназіі". Сёлета ім стала Рыта Калашнікава, вучаніца 9 "А" класа.
Пра Рыту можна гаварыць шмат і толькі найлепшае. Чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, выдатніца, пераможца раённай алімпіяды па рускай мове, стваральніца шматлікіх электронных прадуктаў, член навуковага таварыства "Эверэст", аўтар навуковай працы па творчасці В.Гросмана. Яна заўсёды там, дзе распачынаецца новы праект, рыхтуецца канцэрт ці гімназічныя чытанні. Да яе з просьбай можа звярнуцца кожны настаўнік. Рыта падрыхтуе выступленне, зробіць прэзентацыю па тэме ўрока, арганізуе творчую групу для рэалізацыі новага праекта, здыме фільм, наведае падшэфнага ветэрана. Але гаварыць толькі пра Рыту нельга, бо побач з ёй заўсёды верная сяброўка — Маша Старыкава, аднакласніца, душэўны сябар, чалавек, які думае і дзейнічае ва ўнісон. Рыта і Маша могуць, як кажуць, звярнуць горы. Вось і да конкурса сяброўцы дапамагала рыхтавацца Маша. I падрыхтаваліся дзяўчаты так, што ўсім прысутным было не толькі прыемна назіраць за выступленнем Рыты, але складвалася такое ўражанне, што ты знаходзішся на канцэрце ці на шоу, дзе прадстаўляе сябе прафесіянал са стажам. Асаблівае ўражанне засталося ад праекта "Назаўсёды захаваем у памяці" пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны на Дзятлаўшчыне. Праект быў прысвечаны гвардзейскаму Таманскаму авіяцыйнаму палку і называўся "У небе — начныя ведзьмы". Аказваецца, знакаміты жаночы авіяцыйны полк некаторы час базаваўся ў Наваельні. Факты, звязаныя з тым часам , малавывучаныя, і Рыта прапанавала праект даследавання, мэтай якога стала вывучэнне гэтых малавядомых падзеяў. Таксама сяброўкі падрыхтавалі фільм-аповяд пра полк і яго лётчыц, выкарыстаўшы знакамітую кінастужку "У небе — начныя ведзьмы".
А яшчэ Рыта цікавіцца польскай мовай. Выявілася яе захапленне ў шостым класе, калі ў гімназію прыйшла працаваць Людміла Анатольеўна Календа. На працягу некалькіх гадоў дзяўчаты з 9 "А" класа, у тым ліку і Рыта, наведвалі факультатыўныя заняткі, на якіх вывучалі польскую мову. Блізкасць моваў, польскай і беларускай, еднасць гісторыі і культуры двух народаў так захапілі дзяўчыну, што яна паставіла сабе мэту — пабываць у Польшчы. I мара яе здзейснілася. Летась Рыта наведала краіну-суседку, пабыла ў многіх польскіх гарадах, паглядзела на найпрыгажэйшыя архітэктурныя помнікі мінулага. Але самым цудоўным было тое, што дзяўчына магла свабодна гаварыць з палякамі, сваімі равеснікамі і дарослымі.
— Я не думала, што гаварыць па-польску так проста і лёгка. Мова вельмі падобная да нашай, шмат словаў з аднолькавым значэннем, адны граматычныя формы, а калі ты валодаеш і беларускай, і рускай мовамі, то па-польску можаш зразумець амаль усё. Тут я ўпершыню ўсвядоміла, колькі агульнага ў нашых народаў, — гаворыць Рыта.
Нядаўна Рыта паспяхова здала экзамены за курс базавай школы. Надалей пажадаем поспехаў нашай пераможцы. Хай ніякія цяжкасці не перашкодзяць ёй дасягнуць пастаўленай мэты.

Вольга АБРАМЧЫК,
вучаніца гімназіі
№1 г. Дзятлава,
газета "Перамога"





Эта статья взята с сайта Дятлово Online : город Дятлово и Дятловский район
http://dyatlovo.com

Адрес этой статьи:
http://dyatlovo.com/modules/news/article.php?storyid=481