Аўталаўка не раскоша

Дата 19.06.2009 12:08:03 | Раздел: Общество

З цывілізацыі ў Плябанавічах толькі асфальт. І то не па ўсёй вуліцы, а ўсяго да палавіны. У другой палавіне - выбіты брук, што клалі яшчэ за польскім часам.
-Чаму ж усё не заасфальтавалі? - пытаю ў мясцовых жыхароў.
-І гэтага не было б, але калі асфальтавалі дарогу з Дзятлава ў вёску Дварэц, якая праходзіць побач, адзін уплывовы чалавек, наш зямляк, пахадайнічаў, каб і нам вуліцу прывялі ў парадак, бо тут у сухое надвор'е было так пыльна, што не адчыніць акна, - расказваюць яны.
Гэты асфальт нібыта падзяліў вёску, у якой сорак хат, на дзве паловы. Вадзіцель аўталаўкі Міхаіл Фіяс, які разам з прадаўцом Галінай Бялевіч ужо сем гадоў забяспечвае мясцовых жыхароў усім неабходным, спыняецца ў адной і ў другой палове. Едучы па вёсцы, ён сігналіць, заклікаючы пакупнікоў. Першы прыпынак робіць там, дзе брук. Заглушае матор і ўключае музыку. Над наваколлем разносіцца бадзёры голас Надзеі Кадышавай.
-Гэта каб ім весялей было, - тлумачыць.
-Ото ж харошая песня, - хваліць бабулька, якая прыйшла па пакупкі. Галіна Іосіфаўна залазіць у аўталаўку, і пачынаецца гандаль.
-Мне малака і кефіру, а яшчэ солі і пітной соды, - просіць бабулька.
Другая бярэ малако, хлеб і запалкі, трэцяя - піва, соду і соль.
-А ці ёсць у вас піражкі? - пацікавілася адна з пенсіянерак.
-Ёсць. Па 420 рублёў, - кажа прадавец.
-Ой, якія ж дарагія... Ну, дайце два...
-А што цяпер таннае, можа, ты ведаеш? - пытаюць у яе суседкі. Пытанне застаецца без адказу. Я ўжо даўно перастала чаму-небудзь здзіўляцца, але цяпер мяне ўразіла, што ніхто больш нічога не купляў, акрамя тых тавараў, што пералічыла. Праўда, адна кабета ўзяла крышку варанай каўбасы па восем тысяч рублёў за кілаграм. Хаця ў аўталаўцы ёсць вельмі шмат тавараў. Свежыя гуркі і памідоры, тушонка ў бляшаных банках, розныя крупы, кансервы, кісель і многае іншае. Толькі ніхто з жыхароў Плябанавіч не купіў іх. Дорага для састарэлых вяскоўцаў. Адно віно таннае: усяго па тры тысячы рублёў за бутэльку. А так звычайныя рыбныя кансервы па 3 159 рублёў, кісель - па 4 120, за тушонку з ялавічыны трэба аддаць 5 230 рублёў. Ніхто не папытаў ні лікёру, ні шпротаў...
-Во музыка грае! Хоць ажывілі вёску, а то людзі тут не жывуць, а мучацца, - сказаў нейкі чалавек, што праходзіў міма. Ніхто з прысутных на гэта не азваўся.
Такі ж сціплы гандаль быў і ў другім канцы Плябанавіч. Да машыны выйшла некалькі пенсіянераў з просьбай прадаць хлеба, малака, запалак. Праз хвілін дваццаць Міхаіл Мікалаевіч выключыў музыку, завёў машыну, і яны з Галінай Іосіфаўнай накіраваліся ў другую вёску, дзе няма магазінаў, да такіх самых пенсіянераў.
-Добрыя яны людзі, - гледзячы ўслед аўталаўцы, прамовіла адна кабета, - чулыя, спачуваюць нам. Калі хто бярэ мяшок цукру ці мукі, то і ў хату занясуць, бо вядома, якая ў нас саміх сіла.
-Яны і лекі з аптэкі прывозяць, як папросіш. Ніколі не адмаўляюць, - падтрымала другая.
Далей аўталаўка паехала ў вёскі Агароднікі, Жыбарты, Аляксандравічы, Алёхнавічы, Каршакі, Зачэпічы, Малыя Краглі, Вялікія Краглі, Страла, Пецюкі.
-У тыя вёскі, што бліжэй да Лідскага раёна, напрыклад Зачэпічы, Каршакі, часта прывозяць прадукты харчавання прадпрымальнікі. Ды і аўталаўка з аб'яднання грамадскага харчавання ездзіць рэгулярна па маршруце, - тлумачаць мне. - Так што людзі не сядзяць без хлеба і іншых прадуктаў. Абы толькі грошы. А іх мала.
Я засталася пагутарыць з мясцовымі жыхарамі пра жыццё-быццё. У іхніх аповедах не было радасці і аптымізму.
-У многіх пенсія не дасягае нават трохсот тысяч рублёў, - з горыччу кажа адзін мужчына. - Трэба і паліва купіць, і лекі, і харчы. Таму купляюць людзі самае неабходнае. Трэба ж неяк дажываць.
Што людзі ў Плябанавічах не жывуць, а дажываюць, у гэтым няма ніякага сумнення. Тут няма дзяцей, няма моладзі. Адны старыя. Яны цяпер працуюць на сваіх агародах, каб вырасціць на зіму агародніну. На адным з участкаў корпаецца састарэлая Наталля Будзевіч, якой пад восемдзесят гадоў. Раніцой трактарыст узараў агарод, без малога трыццаць сотак, і цяпер яна дзябкай барануе глебу, потым будзе садзіць бульбу. Праўда, прасіла, каб трактарыст нарэзаў барознаў. Бабулька жыве адна, трымае парася, курэй. Яна больш за дваццаць гадоў адпрацавала ў адной будаўнічай арганізацыі і цяпер мае 370 тысяч рублёў пенсіі. Багацейка, што там казаць.
-А што, у другой палове вёскі так і будзе выбіты брук? - пытаю ў людзей. - Ці, можа, асфальт пакладуць?
-Пакладуць, а як жа, - скептычна ўсміхаецца пажылы чалавек. - Мы ўжо звярталіся з такой просьбай. А нам адказалі, што ў нашай вёсцы павінны праводзіць газ. Чуеце? У нашай вёсцы ды газ. А за якія грошы яго будзем праводзіць? І дзеля чаго? Старыя ўжо, і так дажывем, а маладых няма. Памрэм, і ўсё зарасце бур'яном.
Паабапал Плябанавіч - кустоўе і балота.
-Раней мы нарыхтоўвалі там дровы, а цяпер забаранілі. Кажуць, зялёная зона, - паведамілі вяскоўцы.
Кусты разрастаюцца. Такое ўражанне, што яны наступаюць на вёску. Ды так яно, прынамсі, і ёсць. Міне якіх-небудзь гадоў дваццаць, і гэта зялёная зона не толькі абступіць Плябанавічы, але і залезе на апусцелыя падворкі.

Горка. Сумна. Безна-дзейна.

Александр, "Газета Слонимская"



Эта статья взята с сайта Дятлово Online : город Дятлово и Дятловский район
http://dyatlovo.com

Адрес этой статьи:
http://dyatlovo.com/modules/news/article.php?storyid=483