«Цвярозасць» за вуглом

Дата 03.07.2009 22:11:59 | Раздел: Общество

У апошні час стала модным праводзіць так званыя дні цвярозасці. Не абышла гэта мода і наш маленькі гарадок Дзятлаў. Тыя, хто ўжо не можа жыць без чаркі, у такія дні проста пакутуюць. Затое назаўтра...
Я жыву каля аднаго з магазінаў і бачу, як ужо з раніцы народ, што называецца, адводзіць душу. Раскупляе "чарніла" і п'е за вуглом, проста з бутэлек. Гляджу на гэта і не веру, што новаўвядзенне прынясе нейкую карысць. Хутчэй толькі для чыноўнікаў, якія шлюць па вертыкалі справаздачы аб праведзеным мерапрыемстве.
Каб людзі адмовіліся ад смяротнай звычкі, патрэбна годнае жыццё. Але спадзявацца на гэта пакуль не выпадае.
Няма слоў

У Дзятлаве, як і ў іншых гарадах нашай краіны, час ад часу ладзяцца розныя ўрачыстасці. Не забыліся і пра дзень нараджэння піянерскай арганізацыі, які выпадае на 19 мая. Як заўсёды, сабраліся на плошчы дарослыя, дзеці. Гучала музыка, а потым да мікрафона пачалі падыходзіць выступоўцы. Змест таго, аб чым яны гаварылі, быў традыцыйна звыклым — пра "достижения и успехи". І ўсё на расійскай мове. Ні адзінага слова па-беларуску. І падумалася тады: дзе мы знаходзімся, дзе жывём? У гарадку незалежнай Беларусі, якая мае сваю мілагучную мову, ці ў расійскай правінцыі?

Прыкра было і крыўдна...

Напралом

У цэнтры Дзятлава цяпер узорны парадак: зялёныя газоны, маладыя дрэўцы, шмат кветак... Працаўнікі мясцовага камунгаса рупяцца аб гэтым штодзённа. Але працу іх мала хто шануе. Тыя газоны, што з восені яшчэ былі засеяны травой, за зіму так утапталі, што не прабіць ломікам. Вясной зноў ускапалі, абнеслі вяровачнай агароджай, павесілі таблічкі, што па газонах хадзіць нельга. Тым больш што хапае дзе хадзіць — пакладзены з прыгожай пліткі акуратныя дарожкі. Дык не, многія лезуць напралом, нават не думаючы аб тым, як гэта дрэнна і не па-людску — марнаваць чужую працу, знішчаць прыгажосць, якая стваралася для ўсіх.

Вось і атрымліваецца, што замест радасці — адна горыч.

Як добра быць генералам

Суседскі ўнук скончыў першы клас і ўжо ўсур'ёз думае пра жыццё. Аднойчы завёў са сваёй бабуляй такую размову:

— Ведаеш, кім буду, калі вырасту?

— Кім жа, унучак?

— Генералам!

— О, вельмі добра! — ухваліла бабуля.

— Буду зарабляць шмать грошай, — разважае ўнук далей.

— Ну, вядома ж, генералам шмат плацяць, — згаджаецца бабуля.

— Я тады куплю тату новую машыну, а маме — новую кватэру.

— А мне што купіш? — з замілаваннем гледзячы на ўнука, пытае старая.

— А для цябе пастаўлю на стале сподачак, на яго — чарачку з гарэлкай. А на чарачку пакладу лусту хлеба.

— Навошта ж мне ўсё гэта? — усклікнула бабуля.

— Не разумееш... Пакуль я стану генералам, ты ж памрэш...

Леанарда ЮРГІЛЕВІЧ, www.nv-online.info



Эта статья взята с сайта Дятлово Online : город Дятлово и Дятловский район
http://dyatlovo.com

Адрес этой статьи:
http://dyatlovo.com/modules/news/article.php?storyid=490