Гарбуз-велiкан

Дата 01.11.2009 0:12:13 | Раздел: Калейдоскоп

Пасадзіў Міхаіл Васільевіч Буднік не рэпку, гарбуз. Паліваў, падкормліваў, даглядаў і вырас гарбуз вагой аж 60 кілаграмаў. Жонка — Валянціна Аляксандраўна абедзьвума рукамі абхапіць гарбуз не можа, такі ён вырас вялізны ды ладны на агародзе па вуліцы Прытыцкага ў Дзятлаве...
— Неяк па справах давялося паехаць у Слонім, — расказвае Валянціна Аляксандраўна, — а на базары ў бабулькі вырашыла купіць некалькі гарбузікаў. "Купляй, дачушка, — казала бабуля, — не пашкадуеш!" I, сап-раўды, шкадаваць не давялося. Гарбузы раслі, літаральна, не па днях, а па гадзінах. Плець запаўзла на плот і гарбузы пачалі звісаць. Муж занепакоіўся: можа з-за вялікай вагі абарвацца плод. Тады ён прыладзіў падстаўку, на яе ўскаціў шыну ад кола МАЗа. У гэтае "гняздо" улёгся гарбуз-велікан і пачуваў сябе выдатна. Калі пачаліся першыя прымаразкі, давялося гарбузу перабірацца ў гараж. Там яго і захоўваем. Астатнія гарбузы параслі крыху меншымі. На кожнай плеці было па 2-3 плады, затое якiя! 3 добры дзесятак чалавек можна накарміць гарбузовай кашай, прыгатаванай толькі з аднаго плоду.
Частаванне кашай і гарбузікамі(семкамі) яшчэ наперадзе, а пакуль — хвалімся перад знаёмымі такім прыбыткам. Сябры казалі, што адна з рэспубліканскіх газет аб'яўляла конкурс на самы вялізны гарбуз Беларусі. Шкада, мы спазніліся паўдзельнічаць. Але ўпэўнены, што наш, дзятлаўскі гарбуз, быў бы канкурэнтам многім. 3 гэтай нагоды ў нас прапанова: давайце на наступны год правядзём наш, раённы конкурс на самы вялікі гарбуз. Думаю, на восеньскім раённым кірмашы было б цікава дзятлаўчанам і прыезным людзям пабачыць плады-рэкардсмены.
Прапанова Міхаіла Васільевіча і Валянціны Аляксандраўны Буднікаў з Дзятлава, мяркую, заслугоўвае ўвагі. Чакаем водгукаў і цікавых аповядаў пра рэкорды гэтага года, пра цікавыя набыткі агароднікаў, аматараў кветак, ад грыбнікоў і рыбаловаў.

I. МІХАЙЛОЎСКАЯ, газета "Перамога"




Эта статья взята с сайта Дятлово Online : город Дятлово и Дятловский район
http://dyatlovo.com

Адрес этой статьи:
http://dyatlovo.com/modules/news/article.php?storyid=524