На службе - участковы iнспектар

Дата 18.11.2009 16:00:00 | Раздел: Общество

Незалежна ад таго, у якой частцы горада і на якон вуліцы пражывае чалавек, калі ў адносінах да яго здзяйсняецца правапарушэнне або злачынства, ён звяртаецца да свайго ўчастковага інспектара. На супрацоўніках гэтай службы ляжыць вялікая адказнасць, яны напрамую працуюць з насельніцтвам, не толькі раскрываюць злачынствы, але і папярэджваюць іх, праводзяць прафілактычную работу, бывае, адначасова становяцца і абаронцамі правапарадку і псіхолагамі. Пра дзейнасць дадзенага падраздзялення праваахоўных органаў Дзятлаўскага РАУС карэспандэнтка газеты "Перамога" распытала ў непасрэднага начальніка ўчастковых інспектараў -начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі А.М. Зенава.
- Аляксандр Мікалаевіч, колькі сёння ў Дзятлаўскай міліцыі працуе ўчастковых інспектараў?
На дадзены момант у Дзятлаўскім раёне нясуць службу чатырнаццаць участковых інспектараў міліцыі.
- Нашым чытачам будзе цікава ведаць, што ўваходзіць у абавязкі ўчастковых.
- Абавязкаў даволі многа. Мяркуйце самі, участковы займаецца аховай грамадскага парадку, сістэматычна праводзіць індывідуальна-прафілактычную работу з асобамі, якія схільны да здзяйснення адміністрацыйных правапарушэнняў, папярэджвае адміністрацыйныя правапарушэнні і злачынствы, прымае ўдзел у раскрыцці злачынстваў, якія адбыліся на тэрыторыі яго ўчастка. Акрамя таго, ён займаецца разглядам заяваў грамадзян і ажыццяўляе прэвентыўны нагляд за асобамі, якія вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі. Участковы інспектар пастаянна вывучае і аналізуе аператыўную сітуацыю на сваім адміністрацыйным участку, а таксама прычыны і ўмовы, якія садзейнічаюць здзяйсненню правапарушэнняў. Вось няпоўны пералік таго, што ўваходзіць у абавязкі ўчастковых інспектараў міліцыі.
- Раскажыце пра станаўленне прафесійнага свята ўчастковых.
- Загадам Цэнтральнага адміністрацыйнага ўпраўлення Народнага камісарыяту ўнутраных справаў РСФСР 17 лістапада 1923 года была зацверджана інструкцыя ўчастковаму наглядчыку горада, якая і стала першым дакументам нарматыўнай базы для стварэння і развіцця ўчастковай службы. Дадзенай інструкцыяй вызначаліся асноўныя абавязкі дадзенай катэгорыі супрацоўнікаў, ім прадастаўлялася права праводзіць дазнанне і кантраляваць работу паставых міліцыянераў. Была замацавана норма — адзін участковы наглядчык горада на пяць тысяч насельніцтва. Прайшло шмат часу і толькі ў 2005 годзе Міністэрствам
унутраных справаў Рэспублікі Беларусь быў выдадзены загад лічыць днём станаўлення падраздзялення
ўчастковых інспектараў міліцыі 17 лістапада 1923 года.
- Аляксандр Мікалаевіч, якія віды правапарушэнняў часцей за ўсё сустракаюцца ў практыцы ўчастковых інспектараў Дзятлаўскага раёна?
- Часцей за ўсё ўчастковыя інспектары сутыкаюцца з адміністрацыйнымі правапарушэннямі супраць здароўя, гонару, годнасці, правоў і свабоды чалавека, грамадскага парадку і маральнасці, пакаранне за якія вызначаецца артыкуламі "Наўмыснае прычыненне цялесных пашкоджанняў", "Знявага", "Дробнае хуліганства", "Распіццё алкагольных напіткаў у грамадскім месцы або з'яўленне ў грамадскім месцы
ў нецвярозым стане". Дадзеныя правапарушэнні становяцца асновай матэрыялу для ізаляцыі асобы ў лячэбна-працоўны прафілакторый.
- Якая роля ўчастковага інспектара ў раскрыцці злачынстваў?
- Участковы знаходзіцца на абслугоўваемым участку і практычна заўсёды першым прыбывае на паведамленне аб здарэнні. 3 ліку ўсіх злачынстваў участковымі інспектарамі Дзятлаўскага РАУС раскрываецца каля 25%.
- Аляксандр Мікалаевіч, што сабой уяўляюць крытэрыі адзнакі дзейнасці ўчастковых інспектараў міліцыі?
- Галоўныя крытэрыі — гэта стан правапарадку на абслугоўваемым участку і меркаванні насельніцтва аб рабоце ўчастковага інспектара. Абодва крытэрыі ўзаемазвязаныя. I гэта невыпадкова. Толькі калі кожны пэўны чалавек будзе адчуваць сябе ў бяспецы, участковы інспектар будзе мець высокі аўтарытэт сярод насельніцтва. Без перабольшання, служба ўчастковых — фундамент усёй сістэмы органаў унутраных справаў. Многія гады дзейнасці службы даказалі яе эфектыўнасць, і перш за ўсё — у прафілактыцы правапарушэнняў. Ды і просты чалавечы ўдзел у рашэнні складанай жыццёвай сітуацыі, часам, добрае слова, — не менш важныя.
- Большасць участковых пражываюць па-за межамі свайго адміністрацыйнага ўчастка. Як абстаяць справы ў РАУС з забеспячэннем іх жыллём, транспартам, сувяззю?
- 3 жыллём праблемаў няма, было б жаданне ўчастковага інспектара пражываць на сваім адміністрацыйным участку, што і павінна быць у ідэале. Але, на сённяшні дзень так склалася, што асноўная частка інспектараў маюць прыватнае жыллё, сям'ю, дзяцей і таму выехаць для пражывання на адміністрацыйны ўчастак (Раготнаўскі, Дварэцкі, Жукоўшчынскі, Парэцкі сельсаветы, Гезгалаўскі пасялковы савет, гарпасёлак Наваельня) праблематычна. Для рашэння дадзенай праблемы ў апошні час прыём на службу ўчастковых інспектараў стараемся ажыццяўляць з ліку сельскай моладзі. Таго, у каго ёсць жаданне працацаваць у службе ўчастковых, хто ўпэўнены ў сваіх сілах прашу пазваніць па тэлефоне 21-7-48, пагаворым больш канкрэтна. Жыццё не стаіць на месцы, хтосьці выходзіць на заслужаны адпачынак, пераходзіць у іншыя службы, а падрыхтоўка міліцыянера, у тым ліку і ўчастковага інспектара, патрабуе пэўнага часу, для гэтага ствараецца рэзерв, каб усе перамяшчэнні праходзілі бязбольна і як можна хутчэй. Са сродкамі сувязі таксама ніякіх праблем, што датычыцца транспарту — службовы амаль не выдзяляецца, у асноўным участковыя выкарыстоўваюць свае асабістыя аўтамабілі.
- Аляксандр Мікалаевіч, раскажыце, калі ласка, з якімі падраздзяленнямі міліцыі супрацоўнічаюць участковыя інспектары?
- Участковы ўзаемадзейнічае амаль з усімі падраздзяленнямі органаў унутраных справаў: следства, дазнанне, грамадзянства і міграцыя, крымінальны пошук, крымінальна-выканаўчая інспекцыя і іншыя. Аднак, часта такое ўзаемадзеянне, на жаль, зводзіцца да аксіомы: участковы павінен усім — яму ніхто.
- Па вашаму меркаванню, ці існуе запатрабаванасць у інфармаванні насельніцтва праз сродкі масавай інфармацыі аб працы ўчастковых інспектараў?
- Сёння для нас галоўнае, каб людзі ведалі пра значнасць работы ўчастковага інспектара міліцыі. Гэта дазволіць не толькі павысіць аўтарытэт службы, але і, безумоўна, будзе садзейнічаць таму, што жыхары Дзятлаўшчыны актыўней будуць прымаць удзел у падтрымцы правапарадку. 3 гэтай мэтай мы арганізавалі ў эфіры раённага радыё цыкл перадач пад назвай "Ваш участковы інспектар", у якіх ідзе размова аб дзейнасці службы. А таксама работу ўчастковых інспектараў будзем асвятляць у раённай газеце.
- Каго хацелі б адзначыць з інспектараў і што пажадаеце службе ўчастковых з нагоды прафесійнага свята ?
- У першую чаргу, хачу ўспомніць тых міліцыянераў, хто аддаў службе ўчастковых шмат гадоў і сёння знаходзіцца на заслужаным адпачынку: М.У. Лазуту, Г.І. Барановіча, В.М. Якшэвіча, С.М. Альшэўскага, А.Ф. Шостака, М.А. Спасюка, В.В. Луню, В.М. Курлюту, В.М. Макарчыка, В.П. Ліскова, У.У. Кавальчука. На жаль, няма ўжо ў жывых сапраўдных прафесіяналаў сваёй справы Р.І. Цішко, І.І. Макарчыка. Перайшлі ў іншую службу добрыя ўчастковыя М.М. Кот, А.А. Ламака. 3 лепшага боку паказваюць сябе з сённяшняга
пакалення ўчастковых І.М. Савасцюк, І.А. Ціхан, І.М. Бортнік, В.А. Лазута, С.Л. Раманюк, А.Я. Юшкевіч. Наладжваецца работа ў С.В. Дораша, які толькі тры месяцы таму прыйшоў на гэту службу.
Жадаю здароўя міліцыянерам і іх блізкім, сямейнага дабрабыту, кар'ернага росту, а таксама пачуцця адказнасці за свой адміністрацыйны ўчастак, каб участковы інспектар быў надзейным абаронцам правоў і інтарэсаў грамадзян.
А яшчэ праз газету хачу пажадаць хутчэйшага выздараўлення і вяртання ў строй участковаму інспектару міліцыі Ігару Бортніку, сказаць, што нам яго не хапае і мы яго чакаем.

I. ГАЛОМЗІК, газета «Перамога»



Эта статья взята с сайта Дятлово Online : город Дятлово и Дятловский район
http://dyatlovo.com

Адрес этой статьи:
http://dyatlovo.com/modules/news/article.php?storyid=535