"Прамая лінія" па пытаннях прафілактыкі і лячэння вострых рэспіраторных вірусных інфекцый і грыпу

Дата 18.11.2009 18:00:00 | Раздел: События

12 лістапада ў рэдакцыі раённай газеты "Перамога" прайшла. "Прамая лінія" па пытаннях прафілактыкі і лячэння вострых рэспіраторных вірусных інфекцый і грыпу. На пытанні жыхароў раёна адказвалі галоўны доктар Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы А. I. Гайдзель, загадчык аддзела эпідэміялогіі Дзятлаўскага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі М. М. Дзядовіч, загадчыца цэнтральнай раённай аптэкі Л. В. Баравік.
Жыхарка г.п. Казлоўшчына:
— Што неабходна рабіць для прафілактыкі і лячэння грыпу?

А. I. Гайдзель:
— Першы і самы надзейны сродак — гэта вакцынацыя. Нядауна ў раён паступілі 1700 дозаў вакцыны супраць грыпу "Грыпол плюс". Вакцына не новая, з ёй мы працуем ужо даўно. Адзначу, што ў той час, як іншыя прафілактычныя сродкі, напрыклад,той жа арпітол, толькі стымулююць імунітэт, то вакцына — гэта антыген вірусу. Таму ў чалавека, які прайшоў вакцынацыю, нават калі ён і захварэе, хвароба будзе працякаць у лёгкай форме, не выклікаючы цяжкіх ускладненняў. Менавіта імі і страшны грып.
Зрабіць прышчэпку супраць грыпу можна толькі на платнай аснове. У залежнасці ад кошту расходных матэрыялаў яна каштуе 29100-29300 рублёў. Для праходжання вакцынацыі вам неабходна звярнуцца ў рэгістратуру паліклінікі па месцы жыхарства або раённай паліклінікі, амбулаторыю. Пажадана прыйсці ў другой палове дня, калі наплыў людзей не такі вялікі. Пасля агляду доктара, калі няма супрацьпаказанняў, вам зробяць прышчэпку. Адзначу, што раённая паліклініка будзе працаваць у суботу(з 8 да 14 гадзін) і нядзелю( з 9 да 14 гадзін). Колькасць вакцыны абмежавана, таму цягнуць з гэтым не трэба.

— Якая сітуацыя з вострымі рэспіраторнымі захворваннямі і грыпам у раёне?
М. М. Дзядовіч:

— Штодзень раённым цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі праводзіцца маніторынг захворвання на ВРВІ і грып. Праследжваецца сітуацыя і з узроўнем наведвання школаў. Вучэбны працэс спынены толькі ў трох школах г. Дзятлава. У школах Казлоўшчыны, Наваельні, Гезгалаў, Дварца па хваробе адсутнічаюць толькі 10-11% дзяцей. Вучэбны працэс спыняецца, калі гэты паказчык перавышае 30%. У раёне ідзе ўсплеск захворвання на ВРВІ. Аднак з панядзелка назіраецца зніжэнне гэтага паказчыка. Калі 10 лістапада ў медыцынскія ўстановы звярнуліся 103 дзіцяці, то 11 лістапада — 71 дзіця. Будзем спадзявацца, што зніжэнне захворвання на ВРВІ будзе назірацца і надалей.

— Калі можна выкарыстоўваць такі медыцынскі прэпарат як "Ангрымакс"?
Л. В. Баравік:

— Ангрымакс — прэпарат беларускай фармацэўтычнай вытворчасці. У яго склад ўваходзяць такія складаючыя як рэмантадзін (25 мг), вітамін С (150 мг),парацэтамол (180 мг), лоратадзін (1,5 мг), руцін.
Ангрымакс выкарыстоўваецца толькі для лячэння грыпу і розных ліхаманкавых становішчаў. Ва ўзросце ад 6 да 12 гадоў прэпарат прымаецца па 1 капсуле 2-3 разы на дзень, старэй 12 гадоў — па 2 капсулы 2-3 разы на дзень.

Жыхарка г.п. Наваельня:
— Чаму мне не зрабілі прышчэпку супраць грыпу на бясплатнай аснове. Які ёсць выхад з сітуацыі?
М. М. Дзядовіч:

— Да пачатку лістапада ў раёне для прафілактыкі грыпу была праведзена абавязковая вакцынацыя. Яе прайшлі 1190 чалавек: 680 дарослых і 510 дзяцей. Вакцынацыя праводзілася толькі для пэўнай групы людзей. Гэта медыцынскія і ветэрынарныя работнікі, а таксама тыя, хто па медыцынскіх паказчыках стаіць на амбулаторным уліку. Нядаўна мы атрымалі яшчэ 1700 дозаў вакцыны супраць грыпу для арганізацый і насельніцтва. Вакцына платная, каштуе 29300 рублёў. Калі вас задаволіць такі варыянт, вы ў бліжэйшы час можаце зрабіць прышчэпку супраць грыпу.
Жыхарка г. Дзятлава:
— Ці можна праходзіць вакцынацыю супраць грыпу цяжарным жанчынам?
М. М. Дзядовіч:

— Нядаўна ў раён паступілі 1700 дозаў вакцыны супраць грыпу "Грыпол плюс". Гэта — высакаякасны прэпарат, добра пераносіцца дзецьмі і дарослымі. Мясцовыя і агульныя рэакцыі на ўвядзенне вакцыны,
як правіла, адсутнічаюць. Даклінічныя даследаванні вакцыны паказалі, што прэпарат не валодае эмбрыатаксічным і тэратагенным дзеяннем. Рашэнне аб вакцынацыі цяжарнай жанчыны павінна прымацца доктарам індывідуальна з улікам рызыкі заражэння на грып. Найбольш бяспечная вакцынацыя ў другім і трэцім трыместрах цяжарнасці.
Жыхар г. Дзятлава:
— Ці магчыма заразіцца вострай рэспіраторнай віруснай інфекцыяй і грыпам праз грошы?
М. М. Дзядовіч:

— На грашах доза вірусу недастатковая для таго, каб чалавек мог заразіцца вострай рэспіраторнай інфекцыяй або грыпам. Але тым не менш, меры прафілактыкі, правілы асабістай гігіены трэба выконваць. У
першую чаргу — як мага часцей мыць рукі. Вада павінна быць не халодная і не занадта гарачая, рукі трэба старанна намыліваць мылам.





Эта статья взята с сайта Дятлово Online : город Дятлово и Дятловский район
http://dyatlovo.com

Адрес этой статьи:
http://dyatlovo.com/modules/news/article.php?storyid=538