19 студзеня - Дзень выратавальніка

Дата 16.01.2010 14:24:06 | Раздел: События

У адзінаццаты раз адзначаецца ў нашай рэспубліцы Дзень выратавальніка. 19 студзеня 1999 года з'яўляецца той зыходнай кропкай, з якой пачынаюць сваю гісторыю органы і падраздзяленні па надзвычайных сітуацыях, якія павінны папярэджваць і ліквідаваць надзвычайныя сітуацыі прыроднага і тэхнагеннага характару. За гэты час створана многае, у першую чаргу, заканадаўчая аснова сістэмы бяспекі, удасканалена матэрыяльна-тэхнічная і вучэбнатрэніровачная базы. Служба памацнела прафесійна.
I ўсё ж, якія задачы сёння ляжаць у арсенале службы па надзвычайных сітуацыях? Дзятлаўскі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях здольны выканаць вялікі спектр пажарных і аварыйна-выратавальных работ: ліквідацыю пажараў, выратаванне пацярпелых, лакалізацыю небяспечных для людзей, вытворчасці і навакольнага асяроддзя фактараў, разбор завалаў, нейтралізацыю ядавітых рэчываў і многае іншае. На плячах пажарных-выратавальнікаў не толькі арганізацыя тэхнагеннага і прыроднага дабрабыту ў нашым раёне, але бяспека жыцця і здароўя нашых людзей.
Не сакрэт, што многіх трагедый удалося пазбегнуць толькі дзякуючы прафесіяналам-выратавальнікам. Падраздзяленнямі Дзятлаўскага РАНС за 2009 год былі выратаваны 9 чалавек, 67 будынкаў, матэрыяльныя каштоўнасці на сотні мільёнаў рублёў. I не трэба забываць, што выратавальнікі часта выконваюць свае абавязкі ва ўмовах павышанай рызыкі і прафесійнай шкоднасці. Мужнасць і адвага, майстэрства перамагаць стыхію і выігрываць у схватцы паміж жьіццём і смерцю — якасці, якія вылучаюць прадстаўнікоў аварыйна-выратавальных падраздзяленняў МНС. Своечасова ліквідаваныя надзвычайныя сітуацыі і пажары ў жылых памяшканнях, вытворчых і грамадскіх будынках, лясах і на тарфяніках, выратаваныя з вогненнай стыхіі матэрыяльныя каштоўнасці і, самае галоўнае, чалавечае жыццё — усё гэта ў актыве службы.
Безумоўна, асноўную долю клопатаў дастаўляе службе па надзвычайных сітуацыях вогненная стыхія, асабліва ў жылым сектары ў сельскай мясцовасці. На жаль, не абыходзіцца і без чалавечых ахвяраў. Існуюць першапрычыны ўзнікнення дадзеных сітуацый. Яны тояцца, перш за ўсё, ва ўсведамленні людзей і носяць рукатворны характар. Нізкая культура паводзінаў і пражывання, п'янства, парушэнне элементарных правілаў бяспекі прыводзяць да непапраўных трагедый. У Дзятлаўскім раёне, ды і не толькі, неасцярожнасць пры курэнні з'яўляецца асноўнай прычынай гібелі людзей. Аднак гэту праблему выратавальнікам у адзіночку не вырашыць. Патрабуецца актыўная работа супрацоўнікаў унутраных справаў, аховы здароўя, грамадскіх арганізацый і на працоўных месцах. Дзятлаўскі РАНС вядзе паўсядзённую растлумачальную і практычную работу па набыццю грамадзянамі і абсталяванню іх жылля аўтаномнымі пажарнымі апавяшчальнікамі. Актыўна дапамагаюць у гэтай рабоце мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы. Ёсць прыклады і ў нашым раёне, калі ў дамах і кватэрах, дзе былі ўстаноўлены АПІ, пры пажары людзі былі своечасова абвешчаны гукавым сігналам і выратаваліся з задымленых памяшканняў.
Галоўны фактар поспеху службы па надзвычайных сітуацыях — гэта, безумоўна, людзі. Прынцыповасць, дзелавітасць, стараннасць у час правядзення прафілактычных мерапрыемстваў, прафесіяналізм, смеласць, граматнасць пры тушэнні пажараў і ліквідацыі надзвычайных сітуацый — гэта стыль работы супрацоўнікаў Дзятлаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, у першую чаргу, начальніка аддзела падпалкоўніка ўнутранай службы Уладзіміра Аляксандравіча Нячаева; намеснікаў начальніка аддзела маёра ўнутранай службы Сяргея Уладзіміравіча Саламевіча, маёра ўнутранай службы Уладзіміра Вячаслававіча Стульбы, старшага інспектара дзяржаўнага пажарнага нагляду маёра ўнутранай службы Уладзіміра Уладзіміравіча Баковіча; інспектара дзяржаўнага пажарнага нагляду маёра ўнутранай службы Сяргея Іванавіча Казака; начальнікаў пажарных аварыйна-выратавальных пастоў: лейтэнанта ўнутранай службы Дзмітрыя Анатольевіча Крывіцкага, старшага прапаршчыка ўнутранай службы Аляксандра Анатольевіча Бяленкі; камандзіра аддзялення прапаршчыка ўнутранай службы Ігара Лявонавіча Чайкоўскага; пажарнага старшыны ўнутранай службы Юрыя Іосіфавіча Варонкі; прапаршчыка ўнутранай службы Валянціна Сяргеевіча Сіняка; вадзіцеля старшыны ўнутранай службы Юрыя Іванавіча Баковіча і многіх іншых.

І. Галомзік, газета "Перамога"




Эта статья взята с сайта Дятлово Online : город Дятлово и Дятловский район
http://dyatlovo.com

Адрес этой статьи:
http://dyatlovo.com/modules/news/article.php?storyid=560