Каляда!

Дата 16.01.2010 13:30:00 | Раздел: Общество

Незвычайны дзень — 14 студзеня: адзначаецца Новы год па старым стылі. Папярэднічае яму шчодрая куцця з абавязковымі аладачкамі і блінамі. Таксама традыцыямі свята з'яўляюцца варажба, народныя гулянні і калядаванне.
14 студзеня ў ролі калядоўшчыкаў выступілі работнікі культуры Дзятлаўшчыны. Вялікім гуртам яны сабраліся ў раённым метадычным цэнтры. Апранутыя ў народныя строі, у касцюмы казы, бусла, яны належна рыхтаваліся да абраду калядавання. Незадоўга да яго пачатку самадзейныя артысты ў каторы раз рэпетыравалі абрадавыя песні, словы, каб павітаць імі гаспадароў і гаспадыняў — калектывы арганізацый і ўстановаў г. Дзятлава.
Раздзяліўшыся на тры гурты, калядоўшчыкі адправіліся шчадраваць. Кожная з груп мела свой маршрут.
Вясёлыя калядныя песні, найгрышы баяна чуліся па цэнтральных вуліцах г. Дзятлава. Каляднае шэсце выклікала
ўсмешкі на тварах жыхароў горада, а ў кагосьці — і здзіўленне. Калядоўшчыкі заходзілі ў магазіны, арганізацыі, установы Дзятлава, віншавалі калектывы са Старым Новым годам, жадалі дабрабыту і здароўя. Разам з сабой яны вадзілі казу і бусла, якія ў славянскай фальклорнай традыцыі сімвалізуюць дабрабыт, ураджайнасць, прадаўжальнасць роду. Гэта падкрэсліваецца і ў калядных песнях: "Дзе каза рогам — там жыта стогам".
Каляднае шэсце стварала добры святочны настрой. А гаспадыні і гаспадары, у "хаты" якіх завіталі калядоўшчыкі, як таго патрабаваў звычай, дзякавалі калядоўшчыкаў пачастункамі. Асабліва радасна гасцей сустрэлі ў Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна. Тут праходзіў навагодні агеньчык для членаў раённай арганізацыі інвалідаў па зроку. На мерапрыемстве прысутнічалі прадстаўнікі абласнога ўпраўлення Беларускага таварыства інвалідаў па зроку. Завяршылася каляднае шэсце на плошчы 17 Верасня. Тут таксама гучалі песні, жарты.панаваў добры настрой.



А. ДУБРОЎСКАЯ, газета "Перамога"




Эта статья взята с сайта Дятлово Online : город Дятлово и Дятловский район
http://dyatlovo.com

Адрес этой статьи:
http://dyatlovo.com/modules/news/article.php?storyid=561