Светлай памяці паэта

Дата 25.02.2010 9:37:35 | Раздел: Калейдоскоп

Нядаўна ў Дзятлаўскай раённай бібліятэцы адбылося мерапрыемства, прысвечанае светлай памяці выдатнага доктара і паэта Яўгена Аляксеевіча Матвеева з Наваельні, якога ўжо пяць гадоў няма сярод нас.
Ініцыятар гэтай добрай справы — Вера Ігнатаўна Хрышчановіч з пасёлка Гезгалы, якая таксама піша вершы і вельмі любіць творчасць Яўгена Матвеева. Ды і хто яе не любіць? Яго шчырыя вершы на любую тэму — ці то пра каханне, ці пра Радзіму, ці пра беларускую мову — бяруць за душу, пакідаюць у памяці добры след.
Гучала скрыпка...

Вучні Дзятлаўскай СШ №3 і мясцовай гімназіі чыталі вершы паэта, расказвалі пра яго жыццёвы і творчы шлях, пра ўзаемаадносіны з людзьмі, якія заўсёды былі шчырымі і бескарыслівымі.

Актыўны ўдзел у мерапрыемстве прынялі і супрацоўнікі Дзятлаўскай бібліятэкі пад кіраўніцтвам Ларысы Іванаўны Шыцько. Яны аформілі цікавую выставу, на якой сабралі фотаздымкі Яўгена Матвеева ў розныя гады жыцця, а таксама фотаздымкі яго скульптурных работ, бо майстар слова ствараў і цікавыя рэчы з дрэва, якія таксама вызначаюцца глыбінёй думкі. Ад іх цяжка адарваць погляд, бо яны прымушаюць разважаць, захапляцца. Тут былі і ўсе восем кніг паэта. Некаторыя выдадзены яшчэ пры жыцці, а некаторыя ўжо пасля яго смерці.

Шчыры дзякуй усім, хто арганізаваў і ўзяў удзел у вечарыне, хто памятае паэта і любіць яго творчасць.
Леанарда ЮРГІЛЕВІЧ, www.gs.by



Эта статья взята с сайта Дятлово Online : город Дятлово и Дятловский район
http://dyatlovo.com

Адрес этой статьи:
http://dyatlovo.com/modules/news/article.php?storyid=594