“ЛЮБІЦЕ І ШАНУЙЦЕ СВОЙ ХРАМ”

Дата 22.10.2007 20:51:47 | Раздел: Калейдоскоп

З такімі словамі-пажаданнем звярнуўся да вернікаў архіепіскап Навагрудскі і Лідскі Гурый.
У Свята-Барыса-Глебскім храме вёскі Накрышкі ўладыка адслужыў Боскую літургію ва ўслужэнні святароў Дзятлаўскага благачыння.
На ўрачыстую службу ў вясковы храм мінулым суботнім днём, 13 кастрычніка, сабраліся вернікі не толькі з Накрышак і наваколля, а і з Дзятлава, Наваельні, Казлоўшчыны. На ўрачыстасці з нагоды 215-ай гадавіны Свята-Барыса-Глебскай царквы прыехалі намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама В. І. Сцяпура, начальнік аддзела па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Гродзенскага аблвыканкама І. А. Папоў, намеснік старшыні Дзятлаўскага райвыканкама П. І. Чырко, галоўны рэдактар газеты “Перамога” А. М. Кудзінаў. Прыйшлі кіраўнікі мясцовых установаў і арганізацый. Адметная падзея сабрала шмат людзей.
215 гадоў існуе Свята-Барыса-Глебскі храм. Рознае было на яго вяку — і заняпад, і адраджэнне, але ён выстаяў.
Як і раней, дарога да храма высцілаецца кветкамі, дзеці вітаюць святароў, а ў сценах храма гучыць Божае слова і песнапенні.
Вось і цяпер падчас Боскай літургіі спяваў хор семінарыстаў Мінскай духоўнай семінарыі і маладзёжны хор, які існуе пры Накрышскім храме.
Для адраджэння мясцовай царквы, духойнай асветы жыхароў наваколля шмат зроблена настаяцелем гэтага храма айцом Расціславам. На працягу пяці гадоў, якія мінулі з моманту прыняцця прыходу, святар паклапаціўся пра рамонт храма, былі адрэстаўрыраваны ўсе іконы, набыты два званы, працуе нядзельная школа для дзяцей і дарослых, створаны маладзёжны хор вернікаў. Дзякуючы настаяцелю Свята-Барыса-Глебскага храма многія змаглі ажыццявіць паломніцтва да праваслаўных святыняў Беларусі, Украіны, Расіі.
Заслугі святара, які, дарэчы, нядаўна закончыў Мінскую духоўную акадэмію і яму прысвоена вучоная ступень кандыдат багаслоўя, адзначаны: у час Боскай літургіі ўладыка Гурый узнагародзіў айца Расціслава наперстным залатым крыжам. Гэта — узнагарода за важкую духоўна-асветніцкую дзейнасць святара ў Накрышскім прыходзе.
Падзякаваў уладыка і ўсім, хто паспрыяў рэстаўрацыі Божага храма. А ў сваёй пропаведзі, звернутай да прысутных, архіепіскап Гурый падкрэсліў, што задаволены прыгажосцю і ўрачыстасцю царквы, заклікаў любіць і шанаваць свой храм.
Прыклады сапраўднай веры тут, у Накрышскім прыходзе. Адной з першых сваю Падзячную грамату ўладыка Гурый уручыў 83-ай гадовай Яўгеніі Мікалаеўне Анікевіч. З 13 гадоў і да гэтага часу жанчына з’яўляецца пеўчай храма. Доўгі час Яўгенія Мікалаеўна была тут старастай, шмат турбавалася, каб храм існаваў, каб дзверы “Дома Божага” заўсёды былі адчыненыя для вернікаў.
Граматы і падзякі былі ўручаны ўладыкам Гурыем усім, хто ўдзельнічаў у рамонце храма, хто сёння рупіцца пра яго дзейнасць.
Няхай вёсны змяняюцца зімамі, няхай распускаюцца пупышкі, ападае лістота, кружыць завіруха, а храм стаіць вечна. І няхай праз сотні гадоў дарога да яго будзе засцелена кветкамі.

І. МІХАЙЛОЎСКАЯ.
© По материалам газеты "Перамога"



Эта статья взята с сайта Дятлово Online : город Дятлово и Дятловский район
http://dyatlovo.com

Адрес этой статьи:
http://dyatlovo.com/modules/news/article.php?storyid=62