Вечаровыя замалеўкі

Дата 31.08.2010 20:51:28 | Раздел: Мнение

Неяк увечары, прагульваючыся па плошчы 17 Верасня ў Дзятлаве, давялося назіраць такі малюнак. Кампанія маладых хлопцаў і дзяўчат гулялі ў футбол, выкарыстоўваючы ў якасці мяча бутэльку піва. Яшчэ яны перакідваліся словамі, большасць з якіх былі ненарматыўнымі. Былі часы, калі іх баяліся вымаўляць нават шэптам, а тут, не саромеючыся, брыдкія словы ўголас крычалі дзяўчаты. Такія паводзіны суправаджаў задорны смех. Кампанія весела адпачывала. А я, назіраючы гэтую сітуацыю, міжволі падумала: "Тут жа побач касцёл — сакральнае, святое месца. Месца, куды людзі прыходзяць са сваімі бедамі і радасцямі, на размову з Богам".

Маладыя людзі ўспрымалі касцёл як звычайны будынак, не да сакральнасці і святасці ім было. Яны паводзілі сябе, як хацелі, былі задаволены сабой, сваім адпачынкам. А касцёл, велічна ўзвышаючыся, здаецца, з дакорам глядзеў на гэтых маленькіх маладых людзей, якія самі не ведалі, што рабілі.

У такім жа стане былі многія маладыя хлопцы і дзяўчаты на адной з гродзенскіх дыскатэк, дзе мне давялося пабываць у час водпуску. Позірк большасці з іх быў затуманены — алкаголем, нікацінам, а, мабыць, і яшчэ чымсьці больш моцным. Дзяўчаты, як маглі, дамагаліся прыхільнасці моцнай паловы чалавецтва. Яркая вопратка, кароткая спадніца, глыбокае дэкальтэ, танцы на мяжы вульгарнасці і непрыстойнасці. I яны карысталіся попытам у той паловы хлопцаў, якія прыйшлі сюды ў пошуках лёгкага адпачынку. Дарэчы, часта ў сваёй мужчынскай кампаніі яны называюць такі спосаб бавіць час "у пошуках свежага мяса".

Былі сярод хлопцаў і тыя, хто назіраў за дзяўчатамі на працягу ўсяго вечара. Яны не спяшаліся запрашаць на танец "лёгкіх" прадстаўніц прыгожага полу. Выбіралі тых дзяўчат, якія маглі стаяць на нагах, позірк якіх быў асэнсаваны, якія былі больш недаступнымі. Былі сярод дзяўчат і зусім п'яныя. Адна з іх, ад празмерна выпітага алкаголю, не ўстаяўшы на нагах у туфлях-шпільках, упала сярод танцполу. Падняцца яна змагла толькі з дапамогай сяброў, якія вывелі дзяўчыну на свежае паветра.

Мяне гэта шакіравала. Астатніх — практычна не здзівіла. Па ўсёй верагоднасці, гэта здаралася перыядычна, стала нормай. Як і п'яныя гарачыя пацалункі ў час дыскатэкі, а калі прыгледзецца, то можна ўбачыць і больш шакіруючыя падрабязнасці. I ўсё гэта цяпер называецца каханнем.

Пераацэнка каштоўнасцяў

Маладосць — адна, яна хутка праходзіць, таму варта ўдосталь пагуляць. Ніхто гэтага не адмаўляе, але ж усё-такі павінны быць нейкія меры, прынцыпы, маральнасць. А атрымліваецца наадварот— яны адсоўваюцца кудысьці на "задворкі" сумлення, унутраны стрыжань чалавека разбураецца. А гэта вельмі сур'ёзная хвароба, душэўная. I горка тое, што яна "набрала абароты" эпідэміі.

У нашы дні многае перавярнулася "дагары нагамі". Спачатку глядзяць кіно, а толькі потым знаёмяцца з кніжным арыгіналам. Спачатку ўступаюць у інтымныя адносіны, а пасля знаёмяцца, шукаюць каханне. А адкуль узяцца гэтаму пачуццю, калі яго так топчуць.

Як тут не прыгадаць словы класіка: "Не плоть, а дух растлнлся в нашм днк". А разам з гэтым многае, што складае духоўнасць, знікае: культура маўлення, культура ўзаемаадносін паміж мужчынам і жанчынай, паміж людзьмі ўвогуле, мяжа паміж разуменнем добрага і кепскага. Часам мне ўвогуле здаецца, што знікае і разуменне кепскага. Цяпер "балам правіць" культ задавальнення і спажывання, таму і сталі моднымі грамадзянскія шлюбы, частая змена палавых партнёраў, сэкс дзеля здароўя (і гэта пры ўзросшай захваральнасці на хваробы, якія перадаюцца палавым шляхам, росквіце СНІДу). Такі стыль жыцця актыўна прапагандуецца. Часам ад усяго гэтага становіцца млосна. Ствараецца ўражанне, што ў свеце больш глабальнай праблемы няма.

Парадокс жыцця

Кажуць, што свет выратуе прыгажосць. Толькі якая? Вось гэта маска на тварах многіх дагледжаных лялечных дзяўчат і юнакоў, прыгажосць якіх уражвае сваёй застыласцю і нейкай ненатуральнасцю? А што за ёй? Нярэдка ўнутраны свет такіх прыгажуняў аднастайны і бедны.

Неяк, знаходзячыся ў кампаніі маладых людзей, завяла размову аб тым, што адбываецца ў свеце. Падтрымаць яе змог толькі адзін з іх. Адна дзяўчына шчыра прызналася: "А я не в теме". Я не здзівілася: як можна "быць в теме", калі не чытаюцца газеты і часопісы, кнігі.

Неначытанасць маладога пакалення выклікае трывогу. Многія падлеткі не ведаюць, хто такі Пушкін, Лермантаў. А хтосьці мяркуе, што яны былі знакамітымі палкаводцамі.
Неначытанасць кладзе адбітак і на моўную культуру падлеткаў. Часам ім не хапае словаў, каб выказаць сваю думку. Касцяк іх слоўнікавага запасу складаюць словы накшталт "прыкольна", сцёбна", рэальна", "жэсць","чмокі-чмокі" і г. д. Глядзіш на такога прадстаўніка моладзі і адразу ж прыгадваеш Элачку-людаедку, слоўнікавы запас якой налічваў трыццаць словаў.

Усё гэта рэаліі цяперашняга часу, ад іх нікуды не дзенешся. Ды і па планеце шырокімі крокамі ідзе прагрэс. Умовы жыцця становяцца лепшымі. А чалавецтва дэградуе. Парадокс?..

А. ДУБРОЎСКАЯ, газета "Перамога"




Эта статья взята с сайта Дятлово Online : город Дятлово и Дятловский район
http://dyatlovo.com

Адрес этой статьи:
http://dyatlovo.com/modules/news/article.php?storyid=705