Чытаем беларускую кнігу

Дата 16.03.2011 16:22:31 | Раздел: Культура

“Люблю мой край, старонку гэту, дзе я радзілася расла, дзе першы раз пазнала шчасце, слязу нядолі праліла…” Гэтыя пранікнёныя радкі вядомай беларускай паэтэсы Канстанцыі Буйло нібы святыня жывуць у сэрцы кожнага беларуса. Яны перадаюцца з пакалення ў пакаленне як сімвал любові да Радзімы. Тут глыбокі сэнс і прыгожыя словы, што гучаць нібы звон чыстай лясной крынічкі. Мы хочам адрадзіць і зберагчы сваю мову, літаратуру, каб перадаць нашчадкам. Менавіта з гэтай мэтай абласная навуковая бібліятэка імя Я. Карскага аб’явіла ў 2011 годзе акцыю “Чытаем беларускую кнігу”.
Адным з галоўных напрамкаў работы бібліятэк Дзятлаўскай ЦБС была і застаецца работа па адраджэнню нацыянальнай культурна-гістарычнай спадчыны, папулярызацыі твораў беларускіх пісьменнікаў і паэтаў, выхавання любові да роднай мовы. Да ўвагі наведвальнікаў у бібліятэках сістэмы аформлены кніжныя выставы і паліцы: “Добры дзень, беларуская кніга!”, “Чытаем па-беларуску”, “Каларытнае і трапнае беларускае слова”, “Беларускія казкі – наша спадчына”, “Беларускія пісьменнікі – дзецям”, “Ажываюць спадчыны старонкі” і іншыя. У афармленні інтэр’еру бібліятэк выкарыстоўваюцца элементы беларускай нацыянальнай сімволікі. Побач з беларускімі кнігамі размешчаны тканыя рушнікі з вышыўкай, вырабы з дрэва, разьба па дрэву, пляценне і іншае.

Выставы і прагляды літаратуры будуць рыхтавацца да юбілейных дат жыцця і дзейнасці беларускіх пісьменнікаў і паэтаў. У 2011 годзе бібліятэкі сістэмы будуць адзначаць 90 год з дня нараджэння Івана Шамякіна, 90 год з дня нараджэння Івана Мележа, 55 год з дня нараджэння Уладзіміра Ягоўдзіка, 115 год з дня нараджэння Кандрата Крапівы, 125 год з дня нараджэння Змітрака Бядулі, 80 год з дня нараджэння Алега Лойкі, 100 год з дня нараджэння Васіля Віткі, 165 год з дня нараджэння Элізы Ажэшкі, 135 год з дня нараджэння Цёткі (Алаізы Пашкевіч), 110 год з дня нараджэння Віталя Вольскага, 75 год з дня нараджэння Ніла Гілевіча, 120 год з дня нараджэння Максіма Багдановіча і іншых.





Эта статья взята с сайта Дятлово Online : город Дятлово и Дятловский район
http://dyatlovo.com

Адрес этой статьи:
http://dyatlovo.com/modules/news/article.php?storyid=833