Стала добрай традыцыяй кожны студзень падводзіць вынікі ўдзелу школьнікаў раёна ў абласных прадметных алімпіядах. Пра поспехі вучняў карэспандэнтка гутарыла з Людмілай Васільеўнай Саванец, галоўным спецыялістам аддзела адукацыі райвыканкама.
-- Як сёлета прайшлі абласныя алімпіяды для школьнікаў Дзятлаўшчыны? -- У Гродне на прадметных алімпіядах пабылі 69 вучняў сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту. Прызавыя месцы занялі 10 чалавек, з іх 4 – вучні сярэдніх класаў, 6 – вучні старшых класаў. Сярод старшых школьнікаў вызначыліся: Алеся Луцык, вучаніца 10 класа Казлоўшчынскай СШ (беларуская мова, настаўніца В. М. Лішык); Алена Савасцюк, вучаніца 11 класа Наваельнянскай СШ (руская мова, настаўніца А. І. Варанец); Маргарыта Сербін, вучаніца 11 класа Лявонавіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы (“Чалавек. Грамадства, Дзяржава”, настаўніца В. Ю. Чарнышова). Варта адзначыць, што тры гэтыя вучаніцы другі год запар становяцца дыпламантамі абласных прадметных алімпіядаў. Далей пералік старшакласнікаў працягваюць: Алена Лісіцкая, вучаніца 10 класа Наваельнянскай СШ (англійская мова, настаўніца В. П. Раўгейша); Вольга Голуб, вучаніца 10 класа Наваельнянскай СШ (фізіка, настаўніца В. У. Турок); Марына Хахлач, вучаніца 10 класа Дзятлаўскай гімназіі №1 (беларуская мова, настаўніца Т. М. Радзіеўская); Вольга Паўлоўская, вучаніца 10 класа гімназіі №1 (“Чалавек. Грамадства. Дзяржава”, настаўніца Л. А. Ляўкевіч). Сярод алімпіяднікаў сярэдняга школьнага ўзросту добра выступілі дзятлаўскія гімназісты: Валерый Емяльянчык, вучань 7 класа (матэматыка, настаўніца Н. І. Трафімчык); Лізавета Шавель, вучаніца 9 класа (замежная мова, настаўніца Т. Ф. Кіслая), а таксама вучань 9 класа Казлоўшчынскай СШ Алег Лішык (хімія, настаўніца Т. А. Рак). Максім Буяк, вучань 11 класа Казлоўшчынскай СШ заняў першае месца ў абласной алімпіядзе па фізічнай культуры (настаўнік М. І. Юрчык). -- Такім чынам, найбольш вынікова работа з адоранымі дзецьмі была наладжана настаўнікамі якіх школ раёна? -- Як сведчаць вынікі алімпіядаў, Наваельнянскай СШ, вучні якой атрымалі тры дыпломы трэцяй ступені, гімназіі № 1 г. Дзятлава – тут атрыманы два дыпломы другой і два – трэцяй ступені. Вучні Казлоўшчынскай школы вярнуліся з алімпіяды з трыма дыпломамі трэцяй ступені і першым месцам па фізічнай культуры. Варта адзначыць, што дыплом першай ступені ў агульную скарбонку раёна прынёс наш зямляк, былы вучань Ахонаўскай базавай школы Фёдар Бурдун. Цяпер ён займаецца ў школе-ліцэі № 1 г. Гродна, выступаў па прадмеце “інфарматыка”. -- Якія новаўвядзенні з’явіліся ў сёлетнім навучальным годзе ў Палажэнні аб рэспубліканскіх алімпіядах? -- Адпаведна новага Палажэння павялічана квота пераможцаў абласных і рэспубліканскіх алімпіяд, але, разам з тым, удзельнік не можа атрымаць дыплом, калі ён не выканаў 50% прапанаваных заданняў. Гэта стала адной з прычын таго, што на абласных алімпіядах наш раён не дабраў некаторую колькасць дыпломаў -- Ці ёсць у раёне патэнцыял для ўдасканалення існуючай сістэмы падрыхтоўкі школьнікаў да алімпіядаў? -- Падрыхтаваць алімпіядніка – справа няпростая, пачынаць неабходна ўжо з пачатковай школы. Менавіта ў раннім узросце павінны выяўляцца высокаматываваныя да навучання дзеці. На жаль, у раёне абмежавана супрацоўніцтва навучальных установаў з ВНУ. Затое мы можам шырэй выкарыстоўваць магчымасці дыферэнцыраванага навучання, арганізоўваць работу міжшкольных факультатываў, удзельнічаць у дыстанцыйных алімпіядах. Але самае галоўнае – гэта стварэнне ўмоваў для работы з адоранымі дзецьмі непасрэдна ва ўстановах адукацыі, арганізацыя сістэматычнай і стараннай работы настаўніка і вучня. Падрыхтавала І. КАЎКЕЛЬ. © По материалам газеты "Перамога"
|