Достопримечательности : Дзятлаўскі палац
прислал в 15.07.2010 23:42:03 ( 7661 прочтений )
Достопримечательности

Дзятлаўскі палац - зараз корпус раеннай бальніцы - адна з найлепшых перлаў сядзібнай архітэктуры Беларусі. Аб стане гэтага помніка гаварыць мне вельмі прыкра, таму гаворка пойдзе пра яго гісторыю.

Памылкова пачатак гісторыі Дзятлава звязваюць з ХV стагоддзем, з князямі Астрожскімі. На самой справе, ўжо ў ХV стагоддзі на вялікім тракте з Вільні да Слоніма існаваў драўляны, магчыма і мураваны замак магнатаў Кежгайлаў (Кгезгайлаў, Гезгаллаў), якія перанеслі сваю рэзідэнцыю з паблізкіх Гезгалаў, пасля разбурэння яе крыжакамі.


Навагрудская галіна Кежгайлаў ў ХVI ст. згасла і іх іменне перайшло да Сапегаў. Леў Сапега - створца Статута Вялікага княства Літоўскага - верагодна перабудаваў Дзятлаўскі замак, які пазней тэстамэнтам перадаў свайму сыну Казіміру Льву, пісару Вялікага княства, Казімір Леў Сапега ў сваю чаргу перадаў Дзятлава, Явар і Вензавец свайму сваяку князю Аляксандру Гілярыю Палубінскаму (1626-1679).

Дачка Палубінскага - Анна Марыя, пабралася шлюбам ў 1672 годзе з князям Дамінікам Мікалаем Радзівілам з клецкай галіны Радзівілаў. Пасля смерці князя Дамініка Мікалая ў 1697 годзе Дзятлава перайшло да ягонага сына - Мікалая Фаўстына Радзівіла, навагрудскага ваяводы. Сын апошняга - Станіслаў Радзівіл ажаніўся з Каралінай Пацей. Ад гэтага брака нарадзілася дачка - Францішка, якая пайшла замуж за Станіслава Перасвета Салтана (1756-1820), які адкупіў у свайго тэсця Дзятлава. Станіслаў Салтан быў маршалкам надворным ВКЛ, зацяты супраціўнік расейскай экспансіі, у час паўстання Кастюшкі быў арыштаваны і сядзеў каля года ў Смаленскай вязніцы. Ен, як між іншым, і значная частка беларускай шляхты, вітаў акупацыйныя войскі Напалеона Банапарта, больш таго - ў 1812 годзе ен з'яўляўся старшыней Народнага Ураду.

Пасля сваей смерці Ст.Салтан перадаў тэстамэнтам Дзятлава свайму сыну - Адаму Салтану (1782 - 1863), палкоўніку войска кароннага. Пасля таго, як Адам Салтан прыняў удзел ў паўстанні 1831 года, яго іменне ў Дзятлаве - палац і фальварак - былі скасаваны і перайшлі ў казну. Пад час паўстання Кастуся Каліноўскага Дзятлаўскі палац быў перароблены з кашар на вайсковы шпіталь, цудоўныя матэрыялы да гэтай перабудовы захоўваюцца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь у Гродне.

Да гэтай пары застаецца не вырашанай справа пачатковай гісторыі Дзятлаўскага палацу, або замку. Невядома, як выглядаў замак Кежгайлаў у XV стагоддзі; невядома, ці Дзятлаўскі замак Сапегаў быў драўляны, ці мураваны; не вельмі зразумелая фраза з 1601 года пераважае хутчэй на карысць мураванага замка ў Дзятлаве. Безумоўна, не мае рацыі А.М.Кулагін, калі без спасылкі на крыніцы датуе пабудову мураванага палаца ў стылі ракако ў Дзятлаве на 1751 год.

Нам здаецца, што асноўны аб'ем Дзятлаўскага палацу сапраўды магчыма і быў перабудаваны ў стылі ракако ў 1751 годзе, але як трохпавярховы мураваны замак ці палац існаваў раней, як мінімум з пачатку ХVIII стагодзя. Справа ў тым, што Дзятлаускі палац мае свайго брата-блізнеца ў Гродне, дакладней кажучы меў, на так званым плане Гродна з 1655 года (сапраўдная дата стварэння - 1706 год) і на плане гродна з 1706 года, у прадмесці Гродна Грайніцы - Румлева адлюстраваны ў выглядзе малюнка загарадны палац Радзівілаў. З малюнка відаць, што ён амаль ні чым не адрозніваецца ад палаца ў Дзятлаве. Гэты факт пярэчыць зданню польскага даследчыка Р.Афтаназі, які таксама як і А.М.Кулагін, без спасылкі на крыніцы сцвяржае, што Станіслаў Салтан перабудаваў Дзятлаўскі палац у канцы XVIII ст.

Хутчэй за ўсё Дзятлаўскі палац быў пабудаваны ў канцы XVII- пачатку XVIII ст.ст. ў стылі барока, як трохпавярховы з дзьвума вежамі замак-палац. Фундавалі перабудову Дзятлаўскага замка ў рэзідэнцыю хутчэй за ўсе Дамінік Фантана, магчыма пры ўдзеле Караля Петерсона, але нашая гіпотэза асноўваецца толькі на факце супрацоўніцтва гэтых асобаў у адпаведны час з радзінай Радзівілаў.

Канешне, дату пабудовы ці перабудовы ў XVIII стагоддзі можна было б удасканаліць па выяве гербу, але на жаль да гэтай пары мы не мелі гэтай магчымасці, таму што не мелі адпаведнага фотаздымку. Мы ня ведаем, ці меў рацыю Р.Аўтаназі, калі пісаў пра перабудову Дзятлаўскага палаца ў канцы XVIII ст. На малюнку Н.Арды і зробленнай на яго падставе гравюры Сасінскага (малюнак Арды мы датуем 1860 годам, а гравюра па дрэву Сасінскага надрукавана ў 1871 годзе) палац яшчэ мае высокі дах, але як нам вядома ужо ў 1864 годзе ваенныя інжынеры перабудавалі палац, і ен меў ужо плоскія, пакрытыя бляхай скаты.

Інтэр'ер палаца быў страчаны ўжо ў 1831 годзе, калі пасля касатцыі ў ім былі казармы, паследнія яго рысы палацавага характару былі страчаны пры перабудове ў шпіталь. Вельмі сціпла напісаў аб аўтэнтычных Інтэр'ерах Юльян Урсын Нямцэвіч, які пабываў у Дзятлаве у 1819 годзе. Некалькі заўваг аб парку пры Дзятлаўскай рэзыдэнцыі. Традыцыя прыпісвае яго пабудову княгіні Караліне з Пацэяў Радзівіл, якая амаль усе свае жыцце пражыла ў Дзятлаве (цудоўны місал пач. XVIII ст., знойдзены у макулатуры, з подпісам К.Радзівіл для Дзятлаўскага касцелу, захоўваецца зараз у Беларускім музэі гісторыі рэлігіі у Гродне). Яна, быццам бы, хацела "пераплюнуць" сваю сваячку Елену з Пшэздецкіх Радзівіл, якая зрабіла вядомы на ўсю Рэч Паспалітую парк - "Аркадыю".

Павільены ў Дзятлаўскім парку таксама называліся сціпла "хаткамі", і праектаваў іх нібыта таксама Ян Норблін. Але ўжо у пач. XX ст. ад Дзятлаўскага парку мала чаго захавалася, да тагож ен меў хутчэй характар парку ангельскага тыпу. Больш характэрнага для ХІХ ст., т.ч. справа пабудовы парку кн. К.Радзівіл таксама няпэўная.

Ігар Трусаў, Гродна



Создайте закладку на эту статью на этих сайтах


Вход пользователей

Пользователь:

Пароль:

Запомнить меня



Востановить пароль

Зарегистрироваться

Кто online

8 пользователь(ей) активно (1 пользователь(ей) просматривают Справка)

Участников: 0
Гостей: 8

далее...